У Паўднёвай Карэі разбіўся і ўспыхнуў пасажырскі самалёт: 179 чалавек лічацца загінулымі
32- 29.12.2024, 9:33
- 25,098
Двое цудам выратаваліся.
У нядзелю, 29 снежня, у Паўднёвай Карэі пасажырскі самалёт Boeing 737-800 вылецеў за межы ўзлётнай пасадачнай паласы і сутыкнуўся з агароджай у аэрапорце Муан. Пажарныя службы пацвердзілі гібель 96 чалавек, але мяркуюць, што ўсе людзі на борце, акрамя двух выратаваных, загінулі. На гэты момант сталі вядомы новыя падрабязнасці авіякатастрофы.
У самалёце Jeju Air, які ляцеў рэйсам 2216 з Бангкока, было 175 пасажыраў і шэсць чальцоў экіпажа.
Целы ахвяр былі знойдзены ў хваставой частцы самалёта. Колькасць загінулых, магчыма, узрасце.
Двух людзей удалося выратаваць з самалёта ў агні.
"Улады праводзяць расследаванне на месцы, каб вызначыць дакладную прычыну аварыі, а таксама працягваюцца выратавальныя аперацыі", - паведамілі чыноўнікі.
На 8:40 па Менску пажарная служба Карэі, паводле звестак агенцтва Yonhap, ідэнтыфікавала 96 загінулых чалавек. Пры гэтым афіцыйныя асобы мяркуюць, што ўсе, акрамя двух людзей, якіх ужо ўдалося выратаваць - загінулі. Такім чынам, колькасць ахвяр можа вырасці да 179 чалавек.
Большасць пасажыраў былі карэйцамі, за выключэннем двух грамадзян Тайланда.