«Сітуацыя на Каўказе можа выбухнуць»
- 28.12.2024, 14:19
- 8,694
Збіццё азербайджанскага самалёта будзе мець наступствы для Кадырава.
Палітычны эксперт Тарас Загародні расказаў у эфіры Radio NV, як збіццё расейскай СПА азербайджанскага самалёта над Грозным паўплывае на пазіцыі крамлёўскай марыянеткі ў Чачні Рамзана Кадырава:
– Яны (РФ – Рэд.) сябе паводзяць як заўсёды, тут новага нічога няма, але ёсць новыя абставіны. Калі [праводзіць] аналогію з МН17, [тады] былі яшчэ сілы на Захадзе, у тым ліку карумпаваныя праз расейскія энэрганосьбіты ў Еўропе, якія гатовыя былі заплюшчыць вочы, зрабіць выгляд, што быццам бы нічога не адбылося, а давайце будзем расследаваць. Там жа расследаванне доўжылася рэальна восем гадоў і прысуд, у прынцыпе, пра МН17 ёсць, мы проста не заўважылі яго, таму што ён быў прыняты, калі не памыляюся, у сакавіку ці красавіку 2022-га года.
Але цяпер зусім іншыя абставіны. Расея дэманструе адкрытую слабасць, дэманструе, што яе лобі на Захадзе моцна асела. Магчымасці ўплываць, маніпуляваць грамадскай думкай таксама моцна аслабленыя.
Кантэкст Каўказа таксама дадае цяжкасці для Расеі, таму што, я думаю, што гэта адгукнецца яшчэ, але адгукнецца не датычна стасункаў Азербайджана і Расеі, хоць Азербайджан, думаю, будзе выціскаць з гэтай сітуацыі максімальна патрэбныя для іх рэсурсы, патрэбныя для іх пазіцыі. Не выключана, што ўсё ж яны даціснуць Расею на прызнанне [датычнасці да збівання самалёта], чаго Расея ніколі не рабіла, таму што цяпер яна не ў статусе такой вялікай, недасягальнай, моцнай краіны. Цяпер яна ў статусе краіны, якая ваюе, якая здзейсніла ўжо кучу тэрарыстычных акцый у дачыненні да Украіны і гэтак далей.
Яна недзе будзе вымушаная пайсці на нейкія саступкі. Я ўпэўнены, што калі Турцыя яшчэ да гэтага далучыцца, бо яна з'яўляецца хаўрусніцай Азербайджана, то гэта будзе зроблена.
Але палітычныя наступствы для Каўказа будуць перш за ўсё для Кадырава, таму што Кадырава цяпер, калі вы заўважаеце, актыўна прэсінгуе і Украіна, таму што вельмі часта пачалі залятаць [у Чачню] дроны, чаго раней не было. Гэта тоўсты намёк з боку Украіны, што «Кадыраў, давай хутчэй думай, ці мы падточым твой аўтарытэт, ці ты разумееш, што ў цябе ёсць вялікае войска людзей і ты ведаеш, куды яго трэба накіроўваць, і не трэба гэта рабіць ва Украіну, гэта не твая вайна». І Кадыраў гэта выдатна разумее. Гэта стымулюе да таго, каб Кадыраў пачаў такую атаку на расейцаў ці на Каўказе, ці пачаў дзейнічаць так, каб стварыліся добрыя перадумовы для добрай грамадзянскай вайны ў РФ.
І гэтая гісторыя з самалётам моцна таксама ўскладняе стасункі Кадырава на Каўказе, у тым ліку з усімі суседзямі. А Каўказ, як вядома, гэта складаны рэгіён. Украіна павінна карыстацца і спрыяць таму, каб там адбыўся ўсё ж такі выбух. І ўскладненыя былі стасункі Расеі не толькі з Азербайджанам, але і з Казахстанам, напрыклад таму, што цалкам зразумела, што цынічна накіроўвалі самалёт, каб ён патануў у Каспійскім моры, а ён узяў і даляце да Казахстана. Казахстан таксама, нягледзячы на блізкія стасункі з расейскімі элітамі, не змог гэта ўтоіць, быў вымушаны, сярод іншага, паказваць, што адбывалася.
Таму я мяркую, што адгукнецца гэтая гісторыя, гэта ў скарбонку будучай грамадзянскай вайны, напрыклад у Расеі.