Менчукі пачалі суседскую вайну праз незаконна ўсталяваны шлагбаум
13- 28.12.2024, 12:51
- 10,398
Хто ў выніку перамог?
На вуліцы Грушаўскай у Менску жыхары некалькіх дамоў паставілі на дарозе шлагбаум і перакрылі доступ да дамоў побач. Людзі, якія засталіся без пад'язнога шляху, паскардзіліся ў раённую адміністрацыю, і там прыбралі незаконны шлагбаум, піша «Люстэрка».
Канфлікт суседзяў пачаўся з таго, што жыхары некалькіх дамоў на Грушаўскай устанавілі шлагбаум на гарадской дарозе і перакрылі пад'езды да дамоў № 15 і № 17.
Жыхарка аднаго з заблакаваных дамоў звярнуліся ў адміністрацыю Маскоўскага раёна з запытам, там праверылі дакументы і высветлілі, што ўстаноўка шлагбаума была незаконнай. Пасля накіравалі прадпісанне эксплуатацыйнай арганізацыі на дэмантаж прылады.
Увечары 27 снежня адміністрацыя Маскоўскага раёна зрабіла дэмантаж незаконна ўсталяванага шлагбаума – там знялі стралу (перагародку) і адключылі прыладу ад электрасеткі. Сёння дэмантуюць саму стойку.
Аднак праблема, мяркуючы з усяго, застаецца.
«У раёне недастаткова парковачных месцаў. Новыя дамы дадаюць нагрузку на існую інфраструктуру, і гэта выклікае канфліктныя сітуацыі паміж суседзямі. Мы прапануем разгледзець магчымасць арганізацыі дадатковых уездаў або пашырэння парковачных зонаў», – растлумачыў жыхар дома № 15 Аляксандр.
Адміністрацыя раёна паабяцала «прадоўжыць працу ўрэгулявання падобных сітуацый». Ці будзе яна ўключаць уладкаванне парковак або толькі знос незаконных шлагбаумаў, не ўдакладняецца.