Украіна прыняла першую партыю звадкаванага газу з ЗША
4- 27.12.2024, 21:51
- 4,834
Партыя прыбыла за некалькі дзён да спынення Кіевам пагадненняў пра транзіт расейскага газу.
Украінскі энэргахолдынг ДПЭК прыняў першую партыю звадкаванага прыроднага газу з ЗША, якая прыбыла па моры. Пра гэта паведаміла прэс-служба кампаніі.
Груз аб'ёмам 100 млн куб. м прыбыў у грэцкі порт на борце карабля Gaslog Savannah з Луізіяны. Усю пастаўку набыла D.Trading, агульнаеўрапейская гандлёвая даччыная кампанія ДПЭК. Потым звадкаваны газ будзе рэгазіфікаваны і пушчаны па газавых сетках Украіны і Еўразвязу.
«Пастаўка з'яўляецца часткай больш шырокіх намаганняў ва ўмацаванні энэргетычнай бяспекі Украіны і Еўропы шляхам зніжэння залежнасці ад расейскага газу», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Партыя прыбыла за некалькі дзён да спынення Кіевам пагадненняў пра транзіт расейскага газу праз тэрыторыю Украіны.
«Мы вельмі ўдзячныя Злучаным Штатам за стратэгічны ўнёсак, які яны робяць у энэргетычную бяспеку Еўропы такімі пастаўкамі», – заявіў генеральны дырэктар ДПЭК Максім Цімчанка.