У Лагойску бульдозерам зносяць графскія стайні ў сядзібе Тышкевічаў
9- 26.12.2024, 20:36
- 6,904
Відэа.
У былой сядзібе графаў Тышкевічаў у Лагойску знішчаюць гістарычны будынак, які чыноўнікі называюць «баракам».
Будынак зносяць бульдозерамі, а драўляныя часткі спальваюць. Відэа зносу з'явілася ў тэлеграм-канале «Лагойская манюка».
Доўгі будынак стайняў (54х11м) размяшчаецца ў паўночнай частцы былой сядзібы Тышкевічаў, недалёка ад палаца, ад якога застаўся невялікі фрагмент. Побач з ім знаходзіцца таксама будынак ледніка.
Палацава-паркавы комплекс на беразе Гайны пабудаваў граф Пій Тышкевіч у 1814–1819 гадах у стылі моднага тады ампіру. У 1842 годзе браты Яўстахі і Канстанцін Тышкевічы заснавалі ў лагойскай сядзібе першы ў Беларусі музей старажытнасцяў (ягоную ўнікальную калекцыю пазней вывезлі ў Вільню). У савецкі час у падвалах палаца органы НКУС зрабілі вязніцу, а ў канцы Другой сусветнай вайны будынак узарвалі немцы. У пасляваенны час тэрыторыя парку стыхійна забудоўвалася.
Супрацоўнікі мясцовага музея заявілі аўтарам ТГ-канала «Лагойская манюка», быццам сцены і дах стайні, якія цяпер зносяць, не маюць гістарычнай каштоўнасці. З часоў Тышкевічаў, маўляў, захаваўся толькі падмурак будынка, а яго зносіць не плануюць – закансервуюць.
Сядзіба ў Лагойску адносіцца да гістарычных помнікаў трэцяй катэгорыі. Юрысты Мінкульта дамагліся таго, каб пастановы ў працы на такіх помніках прымалі мясцовыя чыноўнікі, а не спецыялісты профільнай установы.
Да таго ж у траўні Мінкульт у сваіх дакументах змяніў склад сядзібы Тышкевічаў. Раней у ім было пазначана «будынак былой стайні», а стала «рэшткі падмуркаў і цокаль былой стайні». Адпаведную пастанову прыняла навукова-метадычная рада пры Міністэрстве, але чым яна кіравалася, невядома.