27 снежня 2024, Пятніца, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калядны «сюрпрыз» для кіроўцаў: за праезд па МКАД маюць намер браць грошы

8
Калядны «сюрпрыз» для кіроўцаў: за праезд па МКАД маюць намер браць грошы

Стала вядома, якія яшчэ дарогі ў Беларусі могуць уключыць у спіс платных.

Савет міністраў Беларусі выклаў афіцыйную канцэпцыю развіцця сістэмы платных дарог у краіне. У склад платных аўтамабільных дарог урад прапанаваў уключыць як мінімум восем новых кірункаў, у тым ліку, першую і другую кальцавыя аўтамабільныя дарогі вакол сталіцы (МКАД).

Згодна з урадавай пастановай №991, апублікаванай 25 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, пашырэнне сеткі платных дарог у Беларусі прадугледжанае Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця да 2030 года. Неабходнасць гэтага ўлады абгрунтавалі далейшай інтэграцыяй Беларусі ў сусветную эканоміку, а таксама планаваным павелічэннем аб'ёмаў экспарту і будучым пашырэннем геаграфіі краін-партнёраў.

Сярод галоўных мэт развіцця сістэмы платных дарог у Беларусі ўрад назваў павелічэнне паступленняў у рэспубліканскі дарожны фонд ад платы за праезд транспартных сродкаў па платных дарогах. Дадатковыя сродкі прапануецца накіраваць на падтрыманне ў нарматыўным стане дарожнага пакрыцця і на развіццё платных аўтамабільных дарог.

Платныя дарогі з'явіліся ў Беларусі ў 2013 годзе, калі была запушчаная электронная сістэма спагнання платы за праезд BelToll. На гэты момант агульная працягласць платных дарог у краіне складае 1787 км (амаль палова з іх - 806 км) знаходзіцца ў Менскай вобласці. Калі прапанаваная ўрадам канцэпцыя будзе рэалізаваная, працягласць платных дарог у Беларусі да 2030 года вырасце да 2,1 тысячы км.

Правёўшы аналіз інтэнсіўнасці руху транспартных сродкаў у 2021 годзе, Саўмін вызначыў восем «найбольш перспектыўных» адрэзкаў, якія прапанавалі ўключыць у сістэму платных дарог.

Р-53 Слабада - Навасады,

М-3 Менск - Віцебск,

Р-28 Менск - Маладзечна - Нарач,

Р-58 Менск - Калачы - Мядзел,

М-14 Другая кальцавая аўтамабільная дарога вакол Менска,

М-8/Е 95 мяжа Расейскай Федэрацыі (Езярышча) - Віцебск - Гомель - мяжа Украіны (Новая Гута),

М-10 мяжа Расейскай Федэрацыі (Селішча) - Гомель - Кобрын,

кальцавая дарога вакол Менска.

Урад даў Міністэрству транспарту і камунікацый месяц на зацвярджэнне плана канкрэтных мерапрыемстваў па рэалізацыі гэтай канцэпцыі ў 2025 годзе і даручыў «забяспечыць каардынацыю работы» ўсіх ведамстваў.

Нагадаем, за праезд па платных дарогах у сістэме BelToll у Беларусі плацяць:

грузавыя транспартныя сродкі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай, большай за 3,5 т;

легкавыя аўто з масай да 3,5 т, зарэгістраваныя за межамі Еўразійскага эканамічнага саюза.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках