Вялікі герцаг Люксембургскі Анры абвясціў пра адрачэнне ад пасаду
14- 25.12.2024, 15:22
- 7,338
Ён кіраваў краінай 24 гады.
Вялікі герцаг Люксембургскі Анры абвясціў, што адракаецца ад пасаду на карысць свайго сына Гіёма. 69-гадовы манарх паведаміў пра гэта ў штогадовым калядным звароце да народа, інфармуе «Радыё Свабода».
Гіём афіцыйна заступіць на пасаду ў кастрычніку 2025 года. Паведамляецца, што 43-гадовы прынц ужо ўзяў на сябе некаторыя абавязкі свайго бацькі. Ён таксама назначаны намеснікам прэм'ер-міністра краіны.
Паводле словаў Анры, для яго прыйшоў час пайсці на спакой. Ён кіраваў Люксембургам 24 гады, уступіўшы на пасад 7 кастрычніка 2000 года, пасля таго, як ягоны бацька Жан, у сваю чаргу, зрокся ад пасаду пасля 36 гадоў гадоў кіравання. Герцагі Люксембурга належаць да дынастыі Бурбон-Парма, малодшай галіны гішпанскіх Бурбонаў.
Летась у навагоднім звароце адрачэнне ад прастола абвясціла дацкая каралева Маргрэтэ II. У студзені гэтага года яе месца заняў кронцпрынц Фрэдэрык, які заступіў на пасад пад імем Фрэдэрык X. Маргрэтэ II і вялікі герцаг Анры з'яўляюцца сваякамі.
У апошнія гады шматлікія еўрапейскія манархі сталі зракацца ад пасаду на карысць сваіх спадчыннікаў. Так зрабілі каралева Беатрыкс у Нідэрландах (2013), Альберт II у Бельгіі (2013), Хуан Карлас I у Гішпаніі (2014). У той самы час брытанская каралева Лізавета II, нягледзячы на вельмі старэчы ўзрост (96 гадоў), заставалася на троне да сваёй смерці ў 2022 годзе. Цяпер самым старым з манархаў Еўропы з'яўляецца кароль Нарвегіі Харальд V, яму 87 гадоў.