Пуцін паставіў крыж на эканоміцы Расеі
6- 25.12.2024, 14:58
- 15,580
Аналітык назваў тры індыкатары.
Адразу некалькі чыннікаў указваюць на тое, што развязаная супраць Украіны поўнамаштабная вайна паступова прыводзіць да ўсё большага пагаршэння сітуацыі ў расейскай эканоміцы. І калапс можа наступіць ужо ў лютым 2025 года.
Пра гэта ў эфіры YouTube-канала Telegraf UA расказаў кандыдат эканамічных навук, галоўны кансультант Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў Іван Ус. Ён растлумачыў, на якія індыкатары трэба звярнуць увагу.
Паводле ягоных словаў, захаванне Цэнтрабанкам Расеі (ЦРБ) уліковай стаўкі на ўзроўні 21% замест павышэння на два адсоткі з'яўляецца пацвярджэннем таго, што ў РФ менавіта палітыка кіруе эканомікай. А гэта заўсёды вельмі небяспечна, бо эканамісты пралічваюць, што зрабіць, каб не дапусціць пагаршэння сітуацыі ў часовым лагу два месяцы.
– Украіна больш-менш захоўвае гэты баланс, а ў Расеі гэтага балансу не вельмі прыкметна, – кажа эканаміст. – Просты прыклад: у бюджэце Расеі на наступны год выдаткі на вядзенне вайны (абарона, нацыянальная бяспека, Расгвардыя і закрытыя артыкулы, таксама ў значнай ступені накіраваныя на падтрымку вайны) забіраюць 71% выдаткаў дзяржавы.
Эксперт тлумачыць: калі амаль тры чвэрці ўсіх выдаткаў дзяржавы ідзе на ваенную сферу, то паводле ўсіх законаў, калі недзе прыбудзе – недзе павінна зменшыцца. І гэтае «ўбыццё» адбываецца ў сацыяльнай сферы, нават нягледзячы на закладзеную ў бюджэце інфляцыю 9,5%.
– Мы бачым, што яны не толькі не захоўваюць сацыяльныя выдаткі (чаго ўжо было б мала, улічваючы інфляцыю), а наадварот – памяншаюць. Але апроч вядзення вайны яшчэ ёсць прапаганда, якая дапамагае гэтай вайне. І вось на Салаўёва, які з'яўляецца галоўным «рупарам» прапаганды Расеі, закладзена 4,5 млрд рублёў, – прадаўжае галоўны кансультант НІСД.
Паводле ягоных словаў, у РФ адбываецца перакос на ваенную эканоміку, і калі год таму за кантракт на вайну з Украінай плацілі 200 тыс. рублёў, цяпер – 3 мільёны. Таму прадстаўнікі расейскіх уладаў у рэгіёнах скардзяцца на рост кошту тавараў, паколькі шмат грошай выплачваюць вайскоўцам. Рынкі рэагуюць і павялічваюць кошты. Але грошы з'яўляюцца чыста ў вайскоўцаў, яны не з'яўляюцца ў іншых галінах. Рост ВУП адбываецца ў галінах, звязаных з вайной, але адсутнічае ў сельскай гаспадарцы, транспарце, іншых сферах эканомікі.
– Дарэчы, самая важная індыкацыя будучых праблемаў – гэта ўзровень перавозак у Расеі, – кажа Іван Ус. – Ён у снежні рэзка скараціўся. А праз два месяцы, у лютым, гэты лаг «стрэліць» і будуць праблемы адразу. І менавіта каб не дапусціць гэтых праблемаў, Цэнтральны банк Расеі хацеў павысіць уліковую стаўку. Таму што ўжо зразумела, што 21 адсотак (нагадваю – гэта 12 стаўка ў свеце) не пакрывае выдаткаў.
Паводле словаў эканаміста, ЦРБ хацеў гэта зрабіць, але за дзень да абнародавання пастановы была «прамая лінія» Пуціна, і той даў зразумець, што не трэба гэтага рабіць.
– І вось палітыка ўмяшалася – Цэнтральны банк Расеі пастанавіў: не будзем павышаць уліковую стаўку. Паглядзім, да чаго гэта прывядзе, – кажа эксперт. – Бо калі гэта [утрыманне ўліковай стаўкі], памяншэнне перавозак і штотыднёвая інфляцыя (у Расеі пяць тыдняў запар інфляцыя вышэйшая за 0,35%: 0,37% – 0,36% – 0,5% – 0,48% – 0,35%). Два тыдні – амаль паўадсотака, а гэта – 25-адсоткавая гадавая інфляцыя пасля заканчэння года. Пры такіх умовах не тое што 23, там 25 адсоткаў будзе мала, калі гэта ключавая стаўка.
Эканаміст прагназуе: калі ў лютым «стрэляць» гэтыя ўжо цяпер прагназаваныя праблемы, то ЦРБ давядзецца павышаць стаўку, але ўжо не з 20 да 23%, а да 25, а там – хто яго ведае, што будзе.
– Гісторыя з рублём у канцы лістапада паказала істотныя «арэлі», калі раніца пачыналася з курсу 105,5 руб/дал., а да абеду – 114,5. Потым яны апусцілі ніжэй і стала 102 ці 103, але мы бачым, што гэтыя няспынныя «скокі» таксама наносяць удар па расейскай эканоміцы і таму вялікая праблема для Расеі, каб сапраўды захаваць свой эканамічны рост.
Усё больш розных складнікаў патрабуюць грошай. У Расеі гэтых грошай няма і адзін з намеснікаў [старшыні Цэнтрабанка РФ Эльвіры] Набіулінай сказаў: пакуль прадаўжаецца т.зв. «спецыяльная ваенная аперацыя» (як яны называюць вайну), нармальнай сітуацыі ў эканоміцы Расеі не будзе. Там на гэтым пастаўлены крыж, – падсумаваў Іван Ус.