Аўто з Беларусі здзівіла паліцыянтаў з Нямеччыны
33- 25.12.2024, 15:26
- 44,174
Дасведчаныя афіцэры не паверылі сваім вачам.
У нямецкім горадзе Людэншайд, зямля Паўночны Рэйн – Вестфалія, спынілі легкавы аўтамабіль з беларускімі нумарамі, які рабіў «жаласнае ўражанне». Як высветлілася, нездарма, піша партал «Беларусь і свет».
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе, паліцыя праверыла машыну непрэзентабельнага віду, зарэгістраваную ў нашай краіне, у суботу, 21 снежня, у 01.30 ночы. У ёй знаходзіліся чатыры чалавекі.
Месца, дзе машына затармазіла на патрабаванне, было злёгку спусцістым, і ў самым пачатку яна сама сабой без нейкіх дзеянняў кіроўцы пакацілася ў бок ухілу. Задзейнічаны стаяначны тормаз не даў ніякага эфекту.
Кіроўца паспрабаваў прадухіліць далейшае скочванне, націснуўшы на працоўны тормаз. Эфект выявіўся толькі праз некалькі секундаў, і стала ясна, што гэты тормаз таксама можа мець сур'ёзныя дэфекты.
Калі потым машыну агледзелі, нават дасведчаныя афіцэры не паверылі сваім вачам.
Амаль уся рама аўтамабіля цалкам праржавела. Адны дзверы і вечка багажніка ўжо не зачыняліся і былі замацаваныя рамянямі. Тармазныя дыскі часткова трэснулі. На апорнай пласціне не было калодак.
Праз сур'ёзныя тэхнічныя няспраўнасці транспартны сродак забаранілі выкарыстоўваць далей, у тым ліку з яго знялі нумарныя знакі.