Зяленскі на Раство: Украінцы хочуць жыць мірна, але камусьці «нудна і не стае руху»
5- 24.12.2024, 19:32
- 4,898
Прэзідэнт Украіны запісаў каляднае віншаванне.
Галоўнае жаданне ўкраінцаў на Раство – мірнае жыццё на сваёй тэрыторыі. Але расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін хоча прадаўжаць вайну.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на віншаванне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з Калядамі.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэта ўжо трэцяе Нараджэнне Хрыстова для Украіны ў часы поўнамаштабнай вайны з Расеяй. І ўкраінцы не могуць адсвяткаваць яго напоўніцу.
«Не ўсе з нас дома, на жаль. Не ва ўсіх, на жаль, ёсць дом. І не ўсе, на жаль, з намі. Аднак, нягледзячы на ўсе беды, якія прынёс вораг, ён не здолеў захапіць або знішчыць галоўнае – нашы сэрцы, святло ўнутры нас, веру ў дабро і міласэрнасць, чалавека ўнутры кожнага з нас», – адзначыў Зяленскі.
Ён падкрэсліў, што ўкраінцы цяпер хочуць толькі мірнага жыцця на сваёй зямлі, бачыць сонца, сваё неба і ў ім – калядную зорку, а не «Шахеды» і ракеты расейцаў.
«Але некаторым “нудна і не стае руху”. Гэтыя словы – доказ, наколькі яны далёкія ад Бога, ад хрысціянства, ад рэальнай веры. І гэта доказ, чаму іх няволя і цемра церпяць паразу. Мы ведаем. Свет ведае. І гэта ведае Бог. А зло адступіць. Украінцы вераць у гэта і моляцца пра гэта», – дадаў кіраўнік дзяржавы.