«Кіроўцы ў чарзе імкнуцца будзіць сонных суседзяў»
16- 24.12.2024, 12:28
- 10,430
На выездзе з Польшчы ў Беларусь сітуацыя застаецца блізкай да калапсу.
Напярэдадні Калядаў чарга легкавых аўтамабіляў на мяжы расцягнулася на 5 кіламетраў і не змяншаецца. Машыны захрасаюць на мяжы больш як на два дні, у аўтобусаў яе праходжанне займае 34-35 гадзін.
З інфармацыі карыстальнікаў памежных чатаў, толькі ўезду ў польскі пункт пропуску можна чакаць 30 гадзін. З беларускага боку межы, нягледзячы на доўгія чэргі, праверкі таксама расцягваюцца, адзначае Most.
- Спадарства, моцных нэрваў. З 21 снежня да 23-га прастаяў ад Тэрэспаля да Берасця 55 гадзін. Тры надгляды плюс рэнтген, - піша карыстальнік Алекс (тут і далей паведамленні нязначна змененыя для зручнасці чытання).
- «Усё «хутка» - 30 гадзін у чарзе, і мы толькі што заехалі на КПП да палякаў», - дзеліцца Яўген.
«Паліцыя дакладна працуе»
Як заўсёды ў такіх сітуацыях, з'яўляюцца тыя, хто спрабуе ўлазіць без чаргі. Каб ім супрацьстаяць, кіроўцы самаарганізуюцца і складаюць спісы аўтамабіляў, якія стаяць у чарзе. Валанцёры з ліку кіроўцаў супрацоўнічаюць з польскай паліцыяй.
- Трохі пазней збіраюся з паліцыяй прайсціся па гэтым спісе. Без крыўд, калі хтосьці ўлез і яго ў спісе няма, - папярэджвае Андрэй.
Уначы кіроўцы ў чарзе імкнуцца будзіць сонных суседзяў, каб у чарзе не з'яўляліся разрывы, у якія можна ўклініцца. А паліцыянты ўключаюць для гэтага гукавыя сігналы.
- Паліцыя - малайцы. Праязджаюць з сігналамі павольна ад кола да моста, усіх будзяць. А потым праязджаюць, глядзяць, каб шчыльна сталі.
- Паліцыя выразна зараз працуе, будзіць сонных і паказвае, каб шчыльна станавіліся адзін да аднаго. Малайцы! - Згодзен Сяргей.
- Трэба аддаць належнае паліцыі, толькі што спынілі чарговага хітруна, - заўважыў яшчэ адзін карыстальнік.
Як звычайна ў дні вялікіх чэргаў, знайшліся людзі, якія прапануюць за грошы дапамогу ў праходжанні мяжы.
- Адстою чаргу на вашым аўто, - такія аб'явы можна сустрэць у чатах.
«Да Берасця танней, але з'ехаць адтуль праблематычна»
Аўтобусы з Польшчы таксама стаяць у вялізнай чарзе. З падлікаў аднаго з карыстальнікаў, перасячэння польска-беларускай мяжы раніцай 24 снежня чакалі 96 аўтобусаў. Калі не перасаджвацца ў аўтобусы, якія стаяць наперадзе, праходжанне мяжы зойме 34-35 гадзін. Адзін з карыстальнікаў напісаў, што прыехаў на мяжу 22 снежня а 17:30 і выехаў з беларускага прапускнога пункта 24 снежня а 6:10.
На «падсадку» кіроўцы бяруць, але кошт месца да Берасця ў першых аўтобусах перад шлагбаумам дасягае 70 еўраў. Большасць аўтобусаў ідзе да Берасця, але дасведчаныя карыстальнікі раяць турыстам са сталіцы адразу шукаць аўтобусы да Менска.
- Пры перасадцы аддавайце перавагу аўтобусам да Менска. Да Берасця танней, але з'ехаць адтуль таксама праблематычна. Пройдзеце мяжу хутчэй і танней, але затрымайцеся ў і - раіць Макс.
У той жа час на выезд з Беларусі ў бок Польшчы, паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта, няма чаргі ні з аўтобусаў, ні з легкавых аўтамабіляў.