У УСУ з'явілася новае падраздзяленне
2- 21.12.2024, 20:28
- 6,074
Яно не баявое.
Ва Узброеных Сілах Украіны створана падраздзяленне, якое будзе каардынаваць дзеянні, накіраваныя на абарону, захаванне і прадухіленне знішчэння аб'ектаў культурнай спадчыны, якія могуць апынуцца пад пагрозай у выніку баявых дзеянняў - падраздзяленне па абароне культурнай спадчыны.
Пра гэта паведамляе Генеральны штаб УСУ на афіцыйнай старонцы ў «Фейсбуке».
Адпаведнае рашэнне было прынятае Галоўнакамандуючым Узброеных Сіл Украіны і зацверджана сумеснай дырэктывай Міністра абароны Украіны і Галоўнакамандуючага УС Украіны пасля працяглых кансультацый з міжнароднымі партнёрамі, Міністэрствам культуры і стратэгічных камунікацый Украіны, а таксама грамадскасцю.
Падраздзяленне па абароне культурнай спадчыны будзе функцыянаваць у структуры грамадзянска-вайсковага супрацоўніцтва УС Украіны.
У склад новага падраздзялення ўвойдуць вайскоўцы, якія маюць адукацыю і папярэдні досвед працы ў сферы культуры, археалогіі, гісторыі і музейнай справы.
Стварэнне спецыяльнага падраздзялення з'яўляецца чарговай мерай імплементацыі на нацыянальным узроўні палажэнняў часткі другой артыкула 7 Канвенцыі аб абароне і захаванні культурных каштоўнасцей у выпадку ўзброенага канфлікту.
Украіна прытрымліваецца нормаў міжнароднага права, выконвае ўзятыя на сябе абавязанні, максімальна выкарыстоўвае ўсе існыя механізмы і інструменты абароны і захавання культурных каштоўнасцей ва ўмовах узброенага канфлікту.