ЗША ўдалося пазбегнуць шатдаўна, нягледзячы на супраціў Трампа
7- 21.12.2024, 19:30
- 3,312
Кангрэс прагаласаваў за часовы бюджэтны план.
Раніцай у суботу, 21 снежня, Злучаныя Штаты змаглі пазбегнуць шатдаўна. Кангрэс прагаласаваў за часовы бюджэтны план, прадухіліўшы прыпыненне працы парламента.
Пра гэта паведамляе CNN.
У пятніцу спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан вынес на абмеркаванне законапраект аб часовым фінансаванні, але які не ўключаў у сябе прыпыненне ліміту доўгу, да разгляду якога заклікаў рэспубліканцаў новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
У Палаце прадстаўнікоў дакумент прынялі 366 галасамі, супраць 34, а галасаванне ў Сенаце пасля паўночы скончылася 85 супраць 11. Цяпер яго павінен падпісаць яшчэ дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
Як піша CNN, прыняты законапраект прадугледжвае фінансаванне ўрада да 14 сакавіка 2025 года і ўключае амаль 100 млрд даляраў на ліквідацыю стыхійных бедстваў, а таксама падаўжэнне тэрміна сельскагаспадарчага законапраекта (гаворка аб дапамозе фермерам).
Нагадаем, нядаўна кампанію супраць закона аб часовым бюджэце для ўрада пачалі Дональд Трамп і будучы віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс. Да іх пазіцыі далучыўся і Ілан Маск.
Паводле выдання Politico, Маск актыўна настройваў рэспубліканцаў супраць законапраекта праз сваю сацсетку Х. Між іншым, распаўсюджваў дэзінфармацыю, сцвярджаючы, што дакумент прадугледжвае: павышэнне заробку кангрэсмэнаў на 40 працэнтаў; фінансаванне новага стадыёна для NFL у Вашынгтоне за кошт федэральнага бюджэту; фінансаванне лабараторый біялагічнай зброі. Хаця насамрэч гаворка ішла пра іншыя рэчы і лічбы.