Медсястра з Мазыра разам са сваячкай паставілі на паток падробку даведак
4- 20.12.2024, 15:30
- 5,384
Схема працавала некалькі гадоў.
Былую медсястру і яе сваячку асудзілі ў Мазыры за падробку афіцыйных дакументаў, паведаміла пракуратура Гомельскай вобласці. Жанчыны паставілі на паток выраб фіктыўных даведак падчас пандэміі каранавіруса.
Медсястра адной з паліклінік Мазыра мела доступ да пячатак тэрапеўтаў. У кастрычніку 2021 года на просьбу стрыечнай сястры яна зрабіла падробленую выпіску з медыцынскіх дакументаў аб праходжанні ёю вакцынацыі ад COVID-19, завераную сваім подпісам і пячаткай тэрапеўта. Такі дакумент быў неабходны для атрымання сертыфіката для ўезду ў іншыя краіны, дзе абавязковай умовай значылася праходжанне вакцынацыі.
У выніку сваячкі ўступілі ў змову - надумалі прадаваць такія выпіскі іншым людзям.
"З кастрычніка 2021 года да студзеня 2022 года медсястра шляхам унясення недакладных звестак вырабіла не менш як 15 выпісак з медыцынскіх дакументаў аб праходжанні іншымі грамадзянамі вакцынацыі", - расказалі ў пракуратуры.
Сваячка пісала медсястры звесткі аб "кліентах" у Viber, потым перадавала ім дакументы.
"Для дакладнасці медсястра самастойна рабіла адпаведныя адзнакі ў журнале ўліку прафілактычных прышчэпак аб праходжанні двухэтапнай вакцынацыі супраць інфекцыі COVID-19", - паведамілі ў пракуратуры.
Абвінавачаныя на судзе цалкам прызналі сваю віну і шчыра раскаяліся.
На падставе ч.2 арт. 380 КК ім прызначаны штрафы па 250 базавых адзінак (10 тысяч рублёў) кожнай.
Прысуд уступіў у законнае дзеянне.