ЗША рыхтуюць новы пакет ваеннай дапамогі для Украіны
3- 2.12.2024, 21:17
- 3,480
На $725 мільёнаў.
Злучаныя Штаты Амерыкі рыхтуюцца вылучыць Украіне новы пакет ваеннай дапамогі на 725 мільёнаў даляраў. Пра гэта піша агенцтва Associated Press.
Паводле звестак крыніцаў агенцтва пакет будзе ўключаць сістэмы процідзеяння беспілотнікам і боепрыпасы для рэактыўных сістэмаў залпавага агню HIMARS. Гэта можа сведчыць, што на полі бою з'явіцца больш ракетаў большай далёкасці.
Два амерыканскія чыноўнікі, якія паведамілі пра пакет да ягонага абвешчання, не пацвердзілі, ці ёсць боепрыпасы для HIMARS – ракеты ATACMS.
Акрамя таго, пакет таксама ўключае ў сябе больш супрацьпяхотных мінаў. Яны неабходныя Украіне, каб запаволіць прасоўванне расейскіх і паўночнакарэйскіх войскаў у Курскай вобласці РФ.
Адміністрацыя дзейнага прэзідэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна, верагодна, не паспее да канца тэрміну сваіх паўнамоцтваў у студзені 2025 г. перадаць Украіне ўсю ваенную дапамогу, грошы на якую зацвердзіў Кангрэс. Частка нявыкарыстаных рэсурсаў можа перайсці ў новую каманду, якую ўзначальвае Дональд Трамп.
Акрамя таго, Джо Байдэн плануе звярнуцца ў Кангрэс з запытам пра вылучэнне дадатковага фінансавання для дапамогі Украіне на 24 мільярды даляраў. Сродкі будуць накіраваныя на ўзмацненне ваеннай падтрымкі Кіева і папаўненне запасаў ЗША, якія скараціліся пасля перадачы Украіне часткі ўзбраенняў.