МЗС Украіны: Урад Грузіі рэалізуе «беларускі сцэнар»
9- 2.12.2024, 18:23
- 10,488
Але палохае грамадзян міфічным «украінскім сцэнарам».
Міністэрства замежных спраў Украіны асудзіла парушэнні правоў чалавека і выкарыстанне сілы ў дачыненні да мірных дэманстрантаў у Грузіі.
«Гвалт не застанецца без наступстваў. Грузінскія ўлады павінны паважаць асноватворнае права грамадзян на мірны пратэст. Пагатоў, што прычынай пратэстаў з'яўляецца пастанова ўрада паставіць на паўзу рух Грузіі ў ЕЗ насуперак еўрапейскім імкненням грузінскага народа.
Выклікаюць здзіўленне спробы грузінскіх уладаў пераконваць, што еўраінтэграцыя краіны працягваецца, у той час як іх дзеянні сведчаць аб развароце Грузіі ў бок Масквы. У свой час праславутыя ўкраінскія палітыкі, якія спрабавалі развярнуць Украіну са шляху ў ЕЗ у расейскае ярмо, таксама расказвалі, што ўсяго толькі «спыняюць», а не згортваюць еўраінтэграцыю нашай краіны», - адзначылі ў ведамстве.
Ва ўкраінскім МЗС адхілілі «настойлівыя спробы грузінскіх уладаў уцягнуць Украіну ва ўнутрыпалітычныя працэсы ў сваёй краіне».
«Грузінскаму ўраду варта спыніць палохаць сваіх людзей міфічным «украінскім сцэнарам» і рэалізаваць у гэты час на практыцы «беларускі сцэнар». Украіна была і застаецца прыхільнай дэмакратычным пераўтварэнням у Грузіі і яе далейшай еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі, што адпавядае інтарэсам грузінскага народа. У гэтым кантэксце, выказваем салідарнасць з грузінскімі калегамі-дыпламатамі, якія публічна выступілі супраць пастановы ўрада Грузіі аб выхадзе з парадку дня перамоў аб уступленні ў ЕЗ», - гаворыцца ў заяве.
У ведамстве нагадалі, што ў 2004 і 2014 гадах, у адны з самых крытычных момантаў украінскай гісторыі, дыпламатычная служба Украіны стала на абарону дэмакратычнага выбару ўкраінскага народа, таму добра разумеюць выклікі, перад якімі стаяць грузінскія калегі.
«Перакананыя, што еўрапейская інтэграцыя з'яўляецца ключом да стабільнасці, росквіту і ўмацавання дэмакратычных інстытутаў у Грузіі і імкнёмся да паспяховай будучыні для нашых народаў у вялікай еўрапейскай сям'і. Наша салідарнасць з грузінскім народам застаецца непахіснай», - падсумавалі там.