Грыбнік забыўся выкласці з заплечніка нож, які браў з сабой у лес, і спусціўся з ім у метро
24- 2.12.2024, 11:29
- 12,378
Клінок канфіскавалі і прызналі халоднай зброяй.
У дачыненні да жыхара Менскага раёна, у заплечніку якога супрацоўнікі сталічнага метрапалітэна знайшлі самаробны нож, склалі пратакол за незаконнае нашэнне і перавозку халоднай зброі.
У Дзяржкамітэце судовых экспэртыз расказалі, што нож у мужчыны знайшлі падчас надгляду яго асабістых рэчаў на станцыі метро «Інстытут культуры». Прадмет канфіскавалі і перадалі супрацоўнікам міліцыі. Мужчына расказаў, што нож ён вырабіў сам «з падручных матэрыялаў для гаспадарча-бытавых мэт», а ў дзень, калі яго спынілі супрацоўнікі метро, ён планаваў паехаць у лес у грыбы. Пра тое, што выраб можа несці якую-небудзь небяспеку, не здагадваўся.
Экспэрты вывучылі нож і зрабілі выснову, што гэта «клінковая халодная зброя».
«За незаконнае нашэнне і перавозку халоднай зброі заканадаўствам прадугледжана адказнасць, матэрыялы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні накіраваныя ў суд для разгляду», — паведамілі ў ГКСЭ.