У Лошыцкай сядзібе пройдзе баль паводле «Дзікага палявання караля Стаха»
8- 19.12.2024, 21:40
- 2,324
Зімовы баль адбудзецца 21 снежня.
21 снежня а 16-й у музеі «Лошыцкая сядзіба» пачнецца зімовы баль. Вечарына абяцае падараваць наведнікам атмасферу музыкі, танцаў і ўспамінаў пра культавы твор беларускай літаратуры.
Праграма балю натхнёная сюжэтамі аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», якая адзначае адразу дзве юбілейныя даты: 60 гадоў з дня яе першай публікацыі і 45 гадоў з дня выхаду аднайменнага фільма. Сувязь з Лошыцкай сядзібай падкрэслівае той факт, што адна са сцэнаў карціны была знятая на яе тэрыторыі.
Пачнецца вечар з музычнай праграмы «Танцавальны вечар у беларускіх сядзібах». У выкананні артыстаў прагучаць творы Агінскага, Манюшкі, Шапэна і іншых кампазітараў. Потым гледачоў чакае танцавальны паказ «Баль у Надзеі Яноўскай» з вальсамі, мазуркамі і менуэтамі. Таксама ў рамках мерапрыемства выступяць беларускія музыкі Таццяна Старчанка і Юлія Ражкоўская, артысты тэатра пантамімы «Мімы спяшаюцца на дапамогу» і народнага тэатра «На Доўгім Бродзе».
Для тых, хто любіць актыўнасці, арганізатары правядуць два майстар-класы ў гістарычных танцах. Закончыць вечар тэатральны паказ «Шэры Воўк энд Чырвоная Шапачка» ў інтэрпрэтацыі артыстаў народнага тэатра.
Таксама ахвотныя змогуць паўдзельнічаць у квэсце паводле выставы, прысвечанай фільму «Дзікае паляванне караля Стаха». Падчас гульні наведнікі даведаюцца, як стваралася стужка Валерыя Рубінчыка.