Беларусы адмовіліся набываць арыштаваны дом Цапкалы
4- 19.12.2024, 17:29
- 6,424
Жонка палітыка папярэдзіла патэнцыйных пакупнікоў аб адказнасці.
Арыштаваны дом экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкалы зноў выстаўлены на таргі, аўкцыён запланаваны на 15 студзеня, вынікае з паведамлення на пляцоўцы e-auction.by.
Стартавая цана на сайце «БелЮрЗабеспячэння» ўстаноўленая на ўзроўні 1,6832 млн руб, задатак – 168 320 рублёў.
Першы аўкцыён не адбыўся праз адсутнасць ахвочых у канцы лістапада, тады стартавая цана дома складала 2,104 млн рублёў.
Двухпавярховы катэдж плошчай 418,3 м2, размешчаны на вуліцы Цяплічнай у Менску, быў выстаўлены на аўкцыён у сярэдзіне кастрычніка. З ім прадаецца ўсё дамавое абсталяванне, прадметы інтэр'еру і зямельны надзел плошчай 0, 1411 га.
Раней жонка палітыка Вераніка Цапкала папярэдзіла патэнцыйных пакупнікоў аб адказнасці.
«Вы і ваша сям'я павінны дакладна разумець, што пасля вяртання ў Беларусь мы прыйдзем да вас, з простымі беларусамі, прэсай, усімі тымі, хто не падтрымлівае скупшчыкаў крадзенага і вы абавязаныя будзеце выселіцца з нашай кватэры і аплаціць арэндную плату за ўвесь тэрмін пражывання», - заявіла яна.