«Для Пуціна гэта аплявуха»
3- 19.12.2024, 13:10
- 11,592
Кіраўнік Крамля перажыў вялізнае прыніжэнне.
Расейскае акупацыйнае войска не мае сіл, каб пашырыць наступ на фронце. Цяпер расейскія войскі могуць праводзіць толькі нейкія лакальныя дзеянні.
А для таго, каб пачаць шырокамаштабны наступ ва Украіне, са слоў расейскіх праўладных блогераў, краіне-агрэсарцы Расеі спатрэбілася б ад 500 тысяч да мільёна новых салдат. Пра гэта сказаў сацыёлаг, публіцыст і аўтар кніг Ігар Эйдман падчас размовы з «Главредом».
«У Пуціна няма сіл, каб штурмаваць Запарожжа і Херсон. Логіка вайны гаворыць аб тым, што Расея не можа зараз пашырыць наступ. Калі б у РФ хацелі пашырыць наступ, яны павінны былі б правесці мабілізацыю. «Зэт-блогеры» даўно пішуць аб тым, што для пачатку шырокамаштабнага наступу ва Украіне спатрэбілася б ад 500 тысяч да мільёна новых салдат. Цяпер расейскія войскі могуць ажыццяўляць толькі нейкія лакальныя дзеянні, так, напрыклад, мы бачым, як яны наступаюць на Данбасе», - адзначыў Эйдман.
Ён звярнуў увагу, што, як мяркуецца, у лістападзе ў расейскіх войскаў быў рэкордны наступ. У той жа час экспэрт падкрэсліў, што калі паглядзець на карту Украіны, то мы ўбачым, што хаця наша дзяржава ў параўнанні з іншымі месяцамі страціла шмат, аднак у параўнанні з плошчай захопленых тэрыторый у першыя дні поўнамаштабнай вайны - нікчэмна мала.
Са слоў Эйдмана, калі расейскія войскі будуць наступаць такімі тэмпамі, то максімум, што яны змогуць зрабіць у 2025 годзе - захапіць яшчэ кавалак Данецкай вобласці. І, вядома, Пуціна гэта ўсё не задавальняе. А на шырокі наступ у Расеі няма рэсурсаў.
«Як бачым, у яе не выстарчыла рэсурсаў, каб утрымаць Сірыю. Іншымі словамі, рэсурсы Расеі на мяжы, і гэта відавочна. Там яшчэ спрабуюць рабіць добрую міну пры дрэннай гульні, але сірыйская сітуацыя даказала, што рэзерваў у Расеі няма ўвогуле, і рэсурсаў няма, у прынцыпе», - сказаў публіцыст.
Ён зазначыў, што сітуацыя ў Сірыі стала аплявухай Пуціну, але ён быў вымушаны з гэтым змірыцца.
«Для Пуціна тое, што адбылося ў Сірыі, - гэта проста аплявуха, ягонай пысай там выцерлі стол. Ён столькі гадоў пышыўся, удаваў з сябе Аляксандра Македонскага, пераможцу, а ў выніку за тры-чатыры дні яго выкінулі з Сірыі выспяткам пад азадак. Усё гэта жудасна зневажальна, але, тым не менш, ён змушаны з гэтым мірыцца. Таму што яму проста не было чым абараняць свае заваёвы і рэжым Асада ў Сірыі», - адзначыў Эйдман.