Звязаны з Мінабароны менскі тэатр застаўся без мастацкага кіраўніка
- 17.12.2024, 15:24
- 3,772
Прычына звальнення не паведамляецца.
Марына Дударава больш не з'яўляецца мастацкай кіраўніцай сталічнага Драматычнага тэатра Беларускай Арміі, які падпарадкоўваецца Міністэрству абароны РБ. Інфармацыю аб яе сыходзе «Зеркало» атрымала ад уласнай крыніцы. Таксама згадка пра Дудараву знікла са старонкі тэатра на сайце Мінабароны.
Калі менавіта была звольненая Дударава, інфармацыі няма. Яшчэ ў канцы верасня 2024 года яна займала сваю пасаду. Прычына звальнення таксама не паведамляецца. Магчыма, гэта звязана з выхадам на пенсію: рэжысёрцы 62 гады. Але ці стала гэта сапраўднай або фармальнай падставай, невядома.
Марына Дударава скончыла Мінскі інстытут культуры (1991). Працавала артысткай балета Белдзяржфілармоніі, выкладчыцай, балетмайстрам, балетмайстрам-пастаноўшчыкам сталічнага Маладзёжнага тэатра. З 2004 года была галоўнай рэжысёркай, а з 2013-га - мастацкай кіраўнічкай Драматычнага тэатра Беларускай Арміі.
Сёлета ў кастрычніку Беларуская рада культуры адзначала, што ў краіне працуюць 28 тэатраў. З іх толькі ў шасці і дырэктары, і мастацкія кіраўнікі і/ці галоўныя рэжысёры захавалі сваю пасаду з 2020 года (гэта значыць усё кіраўніцтва засталося нязменным). Размова ішла пра тры сталічныя калектывы (тэатр імя Горкага, тэатр Кінаакцёра і тэатр Арміі), адзін абласны (Гарадзенскі тэатр лялек) і два рэгіянальныя тэатры (Палескі ў Пінску і Слонімскі). Цяпер іх колькасць зменшылася да пяці.