Парламент Грузіі абраў новага прэзідэнта
16- 14.12.2024, 14:18
- 9,288
Саламэ Зурабішвілі заявіла, што не пакіне сваю пасаду.
Парламент Грузіі абраў прэзідэнтам кандыдата ад кіроўнай партыі «Грузінская мара» былога футбаліста Міхаіла Кавелашвілі. За яго аддалі галасы 224 выбарнікі, паведаміў ЦВК Грузіі. Для перамогі было неабходна 200 галасоў, кандыдат быў толькі адзін.
Важкіх уладных паўнамоцтваў у прэзідэнта Грузіі няма, ён выконвае галоўным чынам прадстаўнічыя функцыі.
Міхаіл Кавелашвілі – былы грузінскі футбаліст, нападнік каманды Грузіі і шматразовы пераможца чэмпіянатаў краіны ў складзе тбіліскага «Дынама». У 2016-м спартовец абіраўся ад «Грузінскай мары» ў парламент, а ў сакавіку сёлета ўвайшоў у групу «Сіла народа», заснаваную некалькімі выхадцамі з «Грузінскай мары».
У 1995 годзе Кавелашвілі выступаў за ўладзікаўказскі клуб «Спартак-Аланія», з якім заваяваў чэмпіёнства Расеі. У 1996-м перайшоў у «Манчэстэр Сіці», а яшчэ праз год яго аддалі ў арэнду швэйцарскаму «Грасхоперу», з якім ён таксама стаў чэмпіёнам. Апошнім клубам у ягонай футбольнай кар'еры быў швэйцарскі «Базэль», дзе ён гуляў у 2005–2006 гадах.
Нагадаем, дзейная прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што не пакіне сваю пасаду. Кіраўніца дзяржавы сказала, што прэзідэнцкія выбары не з'яўляюцца легітымнымі, а свае паўнамоцтвы яна не будзе складаць да таго часу, пакуль у краіне не будуць прызначаныя новыя парламенцкія выбары. Сёння ў Грузіі, на думку Зурабішвілі, легітымнай уладай валодае толькі яна.