Парламент Паўднёвай Карэі абвясціў імпічмент прэзідэнту
6- 14.12.2024, 11:42
- 4,528
Імпічмент падтрымалі 204 з 300 чальцоў Нацыянальнага сходу краіны.
Парламент Паўднёвай Карэі прагаласаваў за абвяшчэнне імпічменту прэзідэнту Юн Сок Ёлю, які на мінулым тыдні распачаў няўдалую спробу ўвесці ў краіне ваеннае становішча. Пра гэта паведамляе мясцовае інфармацыйнае агенцтва Yonhap.
Імпічмент падтрымалі 204 з 300 чальцоў Нацыянальнага сходу краіны. Супраць выказаліся 85 чальцоў парламента, яшчэ трое ўстрымаліся ад галасавання, восем галасоў былі прызнаныя несапраўднымі.
Для імпічменту была неабходная падтрымка не менш як дзвюх трацінаў дэпутатаў. Аднак у шасці апазіцыйных партый, якія запусцілі працэдуру, ёсць усяго 192 месцаў, таму ім неабходна было заручыцца падтрымкай сама менш васьмярых чальцоў кіроўнай партыі «Сіла народа».
Нагадаем, Юн Сок Ёль стаў прэзідэнтам Паўднёвай Карэі ў траўні 2022 года. На парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў красавіку 2024 года, апазіцыя атрымала перамогу, захаваўшы кантроль за заканадаўчым органам.
Формай кіравання Паўднёвая Карэя – прэзідэнцкая рэспубліка. Прэзідэнт з'яўляецца галоўным камандзірам Узброеных сілаў краіны і мае значныя выканальныя паўнамоцтвы. Так, прэзідэнт прызначае прэм'ер-міністра з ухвалы Нацсходу, а таксама прызначае і ўзначальвае Дзяржраду – галоўны выканаўчы орган краіны.
Юн Сок Ёль увёў у Паўднёвай Карэі ваеннае становішча 3 снежня. Яно дзейнічала ў краіне некалькі гадзінаў – яго аператыўна заблакаваў парламент. 8 снежня міністра абароны Кім Ён Хёна арыштавалі.