The Guardian: Сірыйскія паўстанцы год рыхтавалі звяржэнне рэжыму Асада
13- 13.12.2024, 23:54
- 10,648
Важную ролю выканалі дроны.
Сірыйскія паўстанцы пачалі рыхтаваць звяржэнне рэжыму дыктатара Башара Асада год таму – у тым ліку і ствараючы адзіную ваенную групоўку са спецыялізаваным падраздзяленнем дронаў.
Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным 13 снежня матэрыяле выдання The Guardian.
У сваім першым інтэрв'ю замежным СМІ пасля падзення 54-гадовага кіравання рэжыму сям'і Асадаў Абу Хасан аль-Хамві, кіраўнік ваеннага крыла, які выканаў асноўную ролю ў паўстанні групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS), расказваў, што яго падначаленыя, якія базуюцца на паўночным захадзе Сірыі, спачатку наладзілі сувязь з паўстанцамі на поўдні. Далей быў створаны адзіны ваенны штаб, які паставіў войскам мэту атачыць Дамаск абапал.
Паводле ягоных словаў, нягледзячы на тое, што планаванне аперацыі выцяснення Асада пачалося год таму, паўстанцы рыхтаваліся да яе гадамі.
З 2019 года ў HTS распрацоўвалі ваенную дактрыну, якую выкарыстоўвалі для ператварэння чальцоў з разрозненых, неарганізаваных апазіцыйных і джыхадысцкіх груповак у дысцыплінаваныя войскі.
Паводле словаў Хасана аль-Хамві, у HTS разумелі, што перамогі над рэжымам Асада не дамагчыся без кансалідацыі апазіцыйных сілаў. У групоўцы прапанавалі іншым групоўкам аб'яднацца пад яе эгідай, а калі тыя адмовіліся, іх атрымалася прымусіць да аб'яднання.
Канкрэтна Хасан аль-Хамві сцвярджае, што змагаўся супраць такіх групаў, як філіял Аль-Каіды Хурас-ад-Дзін, кіраўніцтва якога адпрэчвала больш прагматычны ісламісцкі падыход HTS. Неўзабаве ў HTS атрымалася стала дамінантнай сілай на паўночным захадзе Сірыі, адзначыла The Guardian.
Потым Хасан аль-Хамві ўзяўся за падрыхтоўку байцоў групоўкі і распрацоўку ўсёабдымнай ваеннай дактрыны.
«Мы старанна вывучалі ворага, аналізавалі яго тактыку, як днём, так і ноччу, і выкарыстоўвалі гэтыя веды для развіцця нашых уласных сілаў», – сказаў ён.
Паступова былі створаныя ваенныя аддзяленні, падраздзяленні і сілы бяспекі, а потым HTS пачаў вырабляць уласную зброю, транспартныя сродкі і боепрыпасы, паведамілі ў The Guardian.
У HTS разумелі, што для паспяховай барацьбы з рэжымам Асада, які меў у сваім распараджэнні авіяцыю разам з падтрымкай Расеі і Ірана, трэба праявіць творчы падыход, каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць свае абмежаваныя рэсурсы.
Было створана падраздзяленне беспілотнікаў, якое аб'яднала інжынераў, механікаў і хімікаў, а ўласна вытворчасць дронаў пачалася ў 2019 годзе.
«Мы аб'ядналі іх веды і паставілі дакладныя задачы: нам патрэбныя былі выведныя дроны, ударныя дроны і дроны-смяротнікі, з акцэнтам на далёкасць і цягавітасць», – сказаў Хасан аль-Хамві.
Апошняй распрацоўкай інжынераў HTS стала новая мадэль беспілотніка-смяротніка, якую сам аль-Хамві назваў Shahin, што ў перакладзе азначае «сокал» – «сімвалізуючы іх дакладнасць і сілу».
Паводле інфармацыі The Guardian, поўдзень Сірыі знаходзіўся пад кантролем рэжыму Асада з 2018 года, і, нягледзячы на перыядычныя баі з вернымі яму войскамі, мясцовыя паўстанцкія групы былі вымушаныя сысці ў падполле, а значная частка іх ваеннага кіраўніцтва знаходзілася ў выгнанні ў Іярданіі.
З дапамогай HTS быў створаны аператыўны штаб, які аб'яднаў камандзіраў блізу 25 паўстанцкіх групаў на поўдні, якія каардынавалі перасоўванні сваіх байцоў паміж сабой і з HTS на поўначы. Мэта складалася ў тым, каб сілы HTS пачалі наступаць на Дамаск з поўначы, а астатнія паўстанцы – з поўдня.
У канцы лістапада ў HTS пастанавілі, што час надышоў, паведамляе The Guardian.
Войска Расеі, якая прапаноўвала рэжыму Асада большую частку авіяцыйнай падтрымкі, загразла ў баях супраць Сілаў абароны Украіны. Іран і групоўка Хезбала, якія дапамагалі Асаду сухапутнымі войскамі, моцна аслаблі пасля ўдараў ізраільскага войска, адзначаюць у выданні.
HTS 27 лістапада пачалі сваю частку наступу і ўвайшлі ў Алепа ўжо 29 лістапада. Баевікі «Хезбалы» паспрабавалі абараніць горад, але неўзабаве адступілі. Пасля падзення Алепа прасоўванне паўстанцаў на поўначы, здавалася, не спыніць. Праз чатыры дні яны ўзялі Хама, а 7 снежня пачалі наступ на Хомс. Горад яны ўзялі за некалькі гадзінаў, паведамляе The Guardian.
Згодна з планам, паўстанцы на поўдні павінны былі дачакацца падзення Хомса, каб пачаць уласнае паўстанне на поўдні, але праз народныя хваляванні яны пачалі раней. Ім удалося хутка выцесніць войска Асада з Дараі і дабрацца да Дамаска раней, чым сілы HTS.
У ноч на 8 снежня рэжым упаў, а Башар Асад уцёк з краіны з сям'ёй у Расею, вынікавалі журналісты.