Лукашэнка адправіў Вальфовіча на мяжу з Украінай для раптоўнай праверкі
14- 13.12.2024, 20:51
- 13,544
Дзяржсакратар Рады бяспекі расказаў пра «правакацыі».
Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч правёў раптоўную праверку на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі на адрэзку мяжы з Украінай, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт.
Вальфовіч праінспектаваў памежную заставу «Арэхава» на Берасцейшчыне і наведаў пункт пропуску «Макраны» – паводле паведамленняў СМІ, гэта адзіны працоўны пункт пропуску паміж Украінай і Беларуссю. Яго перасякаюць украінцы з акупаваных РФ тэрыторый – тыя людзі, у каго няма дакументаў або грошай, каб ехаць праз Еўропу.
«Мы за гэты год зафіксавалі больш за 350 розных пралётаў беспілотнай авіяцыі ўздоўж нашай мяжы. Блізу 20 парушэнняў дзяржаўнай мяжы беспілотнымі лётнымі сродкамі зафіксавана. Натуральна, што нашы органы памежнай службы ўжываюць адпаведныя захады: пасля таго як выкарыстоўваецца па іх зброя, гэтыя беспілотныя смяротныя сродкі, якія не збітыя, ідуць на сумежную тэрыторыю», – сказаў Вальфовіч.
Паводле ягоных словаў, за гэты год на мяжы з Украінай зафіксавана «блізу 40 правакацый, звязаных з заходам на нашу тэрыторыю, з псаваннем нашых памежных знакаў, вывешваннем банераў, скажам так, нецэнзурнай гаворкай памежнікаў». Вальфовіч мяркуе, што гэта «абуральныя, абсалютна недэмакратычныя і абсалютна непрыязныя факты».
Дзяржсакратар заявіў, што «мы рыхтуемся да абароны нашых нацыянальных інтарэсаў, абароны нашага народа перш за ўсё», а ў першым эшалоне стаяць памежнікі – таму іх і пастаноўлена было раптоўна праверыць.