Частка сірыйскіх друзаў папрасіла пра далучэнне да Ізраілю
- 13.12.2024, 20:01
- 6,624
На Галанскіх вышынях жыве 24 тысячы друзаў.
Рада шасці вёсак друзаў у раёне Джабаль-эш-Шэйх на поўдні Сірыі пастанавіла не дапусціць пранікнення баевікоў з паўстанцкіх ісламісцкіх груповак, і пастанавіла далучыцца да Галанскіх вышыняў, занятых Ізраілем. Пра гэта піша a target="_blank" href=https://www.jewishpress.com/news/israel/druze/6-syrian-druze-villages-asking-to-be-annexed-by-israel/2024/12/13/?utm_source=chatgpt.com>Jewish Press.
Гэтыя вёскі размешчаныя ў буфернай зоне паміж Ізраілем і Сірыяй, куды ізраільскія войскі ўвайшлі неўзабаве пасля захопу паўстанцамі Дамаска.
Таксама Times of Israel публікуе відэазапіс, на якім прадстаўнік друзскай супольнасці паўднёвасірыйскай вёскі Хадэр падтрымлівае ініцыятыву пра далучэнне да тэрыторыі пад ізраільскім кантролем. Ён заклікае прысутных задумацца, якой будзе будучыня друзаў пасля скідання Башара Асада: «Калі нам давядзецца выбіраць, мы выберам меншае зло. І нават калі гэта ўважаецца за зло – прасіць далучэння да [ізраільскіх] Галанаў, гэта значна меншае зло, чым зло, якое нас чакае». «Гэтае зло можа забраць нашых жанчынаў, можа забраць нашых дачок, можа забраць нашыя дамы. Башар Асад упаў. Што ў нас засталося? Нічога», – заяўляе выступоўца.
Аднак гэтая пазіцыя не з'яўляецца кансэнсусам, гучаць розныя заклікі, расказала крыніца Ynet. Паводле яе словаў, іншыя групы друзаў на поўдні Сірыі, даведаўшыся пра гэтую ініцыятыву, выказалі нязгоду і непакой.
Большасць друзаў доўгі час былі лаяльныя да ўраду Асада, паколькі іх традыцыя патрабуе не выступаць супраць кіраўніцтва краінаў, дзе яны знаходзяцца, адзначае Jewish Press.
У той самы час падчас грамадзянскай вайны ў Сірыі ўзнікла некалькі друзскіх узброеных фармаванняў: адны падтрымлівалі ўрадавыя войскі, іншыя ў лістападзе – снежні 2024 года наступалі на сілы ўладаў супольна з іншымі паўстанцкімі групоўкамі, быў захоплены горад аль-Савіда.
«Як доўга мы чакалі гэтых імгненняў, наш рэгіён вольны ад усяго зла, якое на нас навёў дыктатар Асад», – заявіў тады шэйх Луі, камандзір сілаў, якія захапілі аль-Савіду.
Друзы – этнаканфесійная група арабаў у Ліване, Ізраілі, Сірыі, Іярданіі, да яе належаць блізу 1 млн чалавек. Гэты народ вызнае друзізм, іх рэлігія вядзе гісторыю ад шыіцкай секты ісмаілітаў. Прыхільнікі друзізму, сярод іншага, прымаюць вучэнне аб перасяленні душаў, адзінстве бога і вечным існаванні душаў. На Галанскіх вышынях жыве 55 тыс. чалавек, з якіх 24 тыс. – друзы.
Галанскія вышыні – тэрыторыя плошчай блізу 1800 кв. км, якую Ізраіль захапіў у Сірыі падчас Шасцідзённай вайны ў 1967 годзе, а потым афіцыйна далучыў у 1981-м.
Ізраіль пасля гэтага прапаноўваў друзам з Галанскіх вышыняў атрымаць грамадзянства, але большасць адмаўляліся, уважаючы сябе за сірыйцаў. У апошнія гады фіксаваўся нязначны рост колькасці ахвотных атрымаць ізраільскі пашпарт: 75 у 2017 годзе, 239 у 2021-м. годзе. За межамі Галанскіх вышыняў на поўначы Ізраіля, у Кармелі і Галілеі, пражываюць блізу 130 тыс. ізраільскіх друзаў