ЗША пачалі «гістарычную» перакідку зброі ва Украіну
29- 13.12.2024, 19:45
- 36,398
Кіеў атрымае сотні тысячаў снарадаў і тысячы ракетаў.
ЗША прыкладаюць маштабныя намаганні ў нарошчванні паставак узбраенняў Украіне ў апошнія тыдні прэзідэнцтва Джо Байдэна. Пра гэта паведаміў высокапастаўлены прадстаўнік Белага дому ў размове з CNN. «Міністэрства абароны рэалізуе гістарычную ініцыятыву ў перакідванні значных аб'ёмаў узбраенняў ва Украіну цягам наступных пяці тыдняў. Да сярэдзіны студзеня мы накіруем сотні тысячаў артылерыйскіх снарадаў, тысячы ракетаў, сотні адзінак бронятэхнікі і іншае крытычна важнае абсталяванне», – заявіў неназваны прадстаўнік амерыканскай адміністрацыі.
Каардынацыю намаганняў у пастаўках узначальвае дарадца Байдэна ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван. Пентагон актыўна выкарыстоўвае марскія і паветраныя маршруты для захавання вызначаных тэрмінаў дастаўкі, удакладняе CNN.
Тым не менш крыніца адзначыла, што ключавой праблемай Украіны застаецца не нястача зброі, а жывая сіла. Белы дом акцэнтуе ўвагу на развязанні кадравага пытання, каб да 2025 года Украіна знаходзілася ў максімальна моцнай пазіцыі, дадаў чыноўнік: «Мы гатовыя навучаць мабілізаваных салдатаў: калі Украіна пастановіць мабілізаваць дадатковыя сілы і накіраваць іх на навучальныя палігоны за межамі краіны, мы дамо неабходную падрыхтоўку. . Аднак пастанову пра пашырэнне мабілізацыі павінна прыняць сама Украіна».
12 снежня Байдэн ухваліў чарговы пакет ваеннай дапамогі Украіне памерам $ 500 млн. Ён уключае боепрыпасы для HIMARS, артылерыйскія снарады калібраў 105 і 155 мм, супрацьтанкавыя сістэмы Javelin і AT-4, гранаты, абсталяванне для абароны ад хімічных, біялагічных, радыялагічных і ядзерных пагрозаў, а таксама падрыўное і вучэбнае абсталяванне.
Раней адміністрацыя Байдэна рэкамендавала Украіне знізіць мінімальны ўзрост мабілізацыі з 25 да 18 гадоў, каб паскорыць папаўненне войска. Аднак прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адпрэчыў гэтую ініцыятыву, адзначыўшы, што праблема заключаецца не ў колькасці салдатаў, а ў недастатковым абсталяванні наяўных брыгадаў. Прыярытэтам павінны з'яўляцца пастаўкі ўзбраенняў і зніжэнне ваеннага патэнцыялу Расеі, падкрэсліў Зяленскі.
Тым часам абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп раней неаднаразова выказваўся за зніжэнне выдаткаў на дапамогу Украіне. Ён заяўляў, што мае намер перагледзець аб'ёмы ваеннай падтрымкі Кіева і падкрэсліваў, што ЗША ўжо ўклалі $ 350 млрд, у той час як Еўропа – усяго $ 100 млрд. Паводле ягоных словаў, хаўруснікі павінны ўзяць на сябе роўныя абавязальніцтвы. Аднак міністр абароны ЗША Лойд Осцін у снежні адзначыў, што з 2022 года аб'ём амерыканскай дапамогі Украіне склаў $62 млрд, а іншыя партнёры падалі дапамогу на $57 млрд.