DW: ЕЗ рыхтуе новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
16- 13.12.2024, 19:25
- 20,412
Новы пакет абмяркуюць 16 снежня.
Міністры замежных справаў краінаў Еўрапейскага Звязу ў панядзелак, 16 снежня, абмяркуюць новы пакет санкцый у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта піша Deutsche Welle са спасылкай на выступ высокапастаўленага чыноўніка на брыфінгу ў Брусэлі ў пятніцу, 13 снежня.
Паводле звестак дзвюх дыпламатычных крыніцаў DW, будуць абмяркоўвацца новыя кандыдаты на занясенне ў санкцыйны спіс.
Ён назваў сітуацыю ў Беларусі вельмі складанай і нагадаў, што ў краіне не менш за 1300 палітвязняў, пры гэтым на 26 студзеня прызначаныя «выбары» прэзідэнта.
«Гэта можна называць выбарамі, але мы кажам, што Лукашэнка проста афіцыйна прызначае сябе прэзідэнтам на сёмы мандат», – сказаў чыноўнік.
Паводле словаў іншай крыніцы DW, у Еўразвязе мяркуюць, што гэтыя выбары не будуць ні свабоднымі, ні сумленнымі.
«Зыход выбараў ужо вядомы, але мы хочам паслаць сігнал», – сказаў яшчэ адзін еўрапейскі дыпламат.
Журналіст журналіст RFE/RL Рыкард Ёзвяк паведамляе, што Еўразвяз плануе ўвесці санкцыі ў дачыненні да дзвюх беларускіх кампаній і 26 фізічных асобаў. Гэта ў асноўным бізнэсмэны і суддзі.
Нагадаем, на гэтым тыдні ў Брусэлі прайшлі Дні Беларусі. ЕЗ таксама абвясціў пра вылучэнне 30 мільёнаў еўраў для далейшай падтрымкі беларусаў. Такім чынам, агульны аб'ём дапамогі ЕЗ, мабілізаванай з 2020 года, дасягнуў 170 мільёнаў еўраў.