Reuters расказаў дэталі ўцёкаў Башара Асада з Сірыі
14- 13.12.2024, 19:16
- 19,674
За гадзіну да ўцёкаў дыктатар сабраў афіцэраў і запэўніў, што Расея дапаможа.
За некалькі гадзінаў да сваіх уцёкаў з Сірыі Башар Асад запэўніў на сустрэчы блізу 30 афіцэраў з сілавых блокаў у тым, што расейская ваенная падтрымка ўжо ў дарозе, і заклікаў сухапутныя войскі ўтрымліваць пазіцыі, расказаў Reuters адзін з афіцэраў, які прысутнічаў на брыфінгу.
Пра тое, што Асад амаль нікому не гаварыў пра свае планы ўцячы з Сірыі, расказалі агенцтву больш за дзясятак чалавек, абазнаных у падзеях. Так, у суботу 7 снежня (за дзень да падзення Дамаска) Асад сказаў свайму памочніку, калі скончыў працу, што едзе дадому, але замест гэтага накіраваўся ў аэрапорт, паводле словаў адной з крыніцаў з атачэння дыктатара.
Ён таксама патэлефанаваў сваёй дарадцы ў сувязях са СМІ Бутайне Шаабан і папрасіў яе прыехаць да яго дадому, каб напісаць яму прамову, сказаў суразмоўца Reuters. Яна прыехала, але нікога не знайшла.
Bloomberg раней пісаў, што ўцячы Асаду дапамаглі расейскія выведнікі. Паводле звестак крыніцаў агенцтва, яны вывезлі дыктатара праз авіябазу Расеі ў Сірыі, пры гэтым транспондар самалёта быў адключаны, каб яго не адсачылі.
Акрамя гэтага, як сцвярджалі крыніцы, перад уцёкамі Масква пераканала дыктатара Сірыі, што той пацерпіць паразу ў барацьбе з узброенымі паўстанцамі. Пасля гэтага Асаду прапанавалі бяспечны спосаб з'ехаць, калі ён пагодзіцца зрабіць гэта «неадкладна», паведамілі тры крыніцы агенцтва, знаёмыяз сітуацыяй.