Атака РФ на Заходнюю Украіну стала самай маштабнай за вайну
8- 13.12.2024, 16:11
- 14,452
Расея задзейнічала 93 ракеты і блізу 200 беспілотнікаў.
Заходнія рэгіёны Украіны зазналі самы масавы з пачатку поўнамаштабнай вайны напад з боку расейскага войска. Пра гэта ў пятніцу, 13 снежня, паведамляе DW са спасылкай на мясцовыя ўлады.
Удар па Заходняй Украіне
«Сёння раніцай Прыкарпацце зазнала самую масаваную атаку за час поўнамаштабнай вайны. Досвіткам вораг ужыў ударныя беспілотнікі і крылатыя ракеты. Пад прыцэлам – аб'екты крытычнай інфраструктуры», – паведаміла ў Telegram кіраўніца Івана-Франкіўскай АВА Святлана Анішчук. Паводле ейных словаў, пацярпелых няма, але частка ракетаў дасягнула цэлі.
«Вораг атакаваў аб'екты энэргетыкі нашай вобласці! На шчасце, на гэтую хвіліну інфармацыі пра пацярпелых няма», – паведаміў кіраўнік Львоўскай АВА Максім Казіцкі. Ён зазначыў, што праз абстрэлы ў рэгіёне будуць змены ў графіках адключэнняў электраэнэргіі. Пра абстрэлы таксама паведамілі кіраўнікі ваенных адміністрацый Кіраваградскай і Тэрнопальскай вобласці Украіны.
Мінэнэрга Украіны паведаміла, што гэта ўжо 12-я за гэты год масаваная атака на аб'екты цывільнай энэргетычнай інфраструктуры краіны. Сёння ўведзеныя дадатковыя абмежаванні на энэргазабеспячэнне. Энэргетычны холдынг ДПЭК паведаміў, што атакаваныя цеплаэлектрастанцыі, сур'ёзна пашкоджанае абсталяванне. У якім рэгіёне, не ўдакладняецца.
Знішчальнікі F-16 збілі расейскія ракеты
Паводле звестак Уладзіміра Зяленскага, усяго ў ноч на пятніцу расейскае войска выпусціла па Украіне 93 ракеты, у тым ліку крылатыя і балістычныя, а таксама блізу 200 беспілотнікаў. Удалося перахапіць 81 ракету, з іх 11 штук збітыя дзякуючы знішчальнікам F-16, зазначыў прэзідэнт Украіны.