Новым прэм'ерам-міністрам Францыі прызначаны Франсуа Байру
- 13.12.2024, 15:40
- 2,212
Макрон абвясціў аб прызначэнні пасля кансультацый з лідарамі палітычных сіл.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прызначыў прэм'ер-міністрам лідара цэнтрысцкай партыі "Дэмакратычны рух" (MoDem) Франсуа Байру.
Эмануэль Макрон абвясціў аб прызначэнні новага прэм'ера пасля кансультацый з прадстаўнікамі палітычных сіл.
4 снежня парламент прагаласаваў за вотум недаверу папярэдняму ўраду Мішэля Барнье і ён быў абавязаны сысці ў адстаўку, прапрацаваўшы няпоўныя тры месяцы, паведамляе CNN.
Пакуль незразумела, ці зможа новы прэм'ер заручыцца даверам дэпутатаў. Датэрміновыя выбары, якія прайшлі летам, прывялі да таго, што ні ў адной з партый няма пераважнай большасці.
Першачарговая задача новага прэм'ера будзе ў тым, каб дабіцца ўхвалення бюджэту на 2025 год ад глыбока расколатага Нацыянальнага сходу.
73-гадовы Франсуа Байру - былы міністр юстыцыі (2017) і міністр адукацыі (1993-1997), тройчы кандыдат на пасаду прэзідэнта Францыі ў 2002, 2007 і 2012 гадах. "Дэмакратычны рух" уваходзіць у прапрэзідэнцкую палітычную кааліцыю "Разам".