«Баба-Яга» атакавала комплекс «Лукойла» пад Пецярбургам
21- 13.12.2024, 13:26
- 35,452
Праца важнага для РФ порта спыненая.
Увечары 12 снежня сістэма супрацьпаветранай абароны (СПА) збіла беспілотнік над нафтавым тэрміналам «Высоцк «Лукойл-II» у Ленінградскай вобласці РФ.
Baza сцвярджае, што гэта быў дрон-выведчык тыпу «Баба-Яга». Яго абломкі ўпалі ў акваторыю Фінскай затокі побач з комплексам. Пасля здарэння праца порта была прыпыненая.
Размеркавальны пераладавальны комплекс «Лукойла» займаецца адгрузкай нафтапрадуктаў, у тым ліку мазуту, нафты і дызельнага паліва. Ён быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2004 годзе. Памер яго рэзервуарнага парка - 460 тысяч кубаметраў, а магутнасць - 12 млн тон нафтапрадуктаў на год.
«Баба-Яга» - беспілотнік, створаны Узброенымі сіламі Украіны (УСУ). Першапачаткова апараты такога тыпу выкарыстоўваліся для сельскагаспадарчых патрэб, але пасля расейскага ўварвання іх перарабілі пад баявыя задачы. «Баба-Яга» можа несці да 50 кг грузу, у тым ліку бомбы, міны і авіябоепрыпасы.
Ленінградская вобласць пачала зазнаваць налёты беспілотнікаў з 18 студзеня. Адной з самых буйных стала атака на тэрмінал «Новатэка» - галоўнага ў Расеі вытворцы звадкаванага прыроднага газу. Пажар тушылі больш за дзень.