Зяленскі: Яшчэ 10–12 Patriot зробяць вайну бессэнсоўнай для Пуціна
9- 10.12.2024, 21:28
- 6,194
Ён заклікаў прафінансаваць Patriot для Украіны за кошт расейскіх актываў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна мае патрэбу ў яшчэ 10/12 сістэмах супрацьпаветранай абароны Patriot для поўнай абароны паветранай прасторы.
Пра гэта ён сказаў падчас сустрэчы са старшынёй групы сацыялістаў і дэмакратаў Еўрапарламента Іратхе Перэс Гарсія ў Кіеве, піша «Укрінфарм».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для захавання жыцця ўкраінцаў галоўнай гарантыяй бяспекі з'яўляюцца, «безумоўна, сістэмы супрацьпаветранай абароны».
«Усе разумеюць, што 10/12 сістэмаў Patriot дадаткова для Украіны забяспечаць нам жыццё і зробяць вайну для Пуціна бессэнсоўнай», – расказаў Зяленскі.
«Калі неба абароненае, ніякія КАБы (кіраваныя авіябомбы. – Рэд.), балістычныя ракеты не будуць трапляць па цывільнай інфраструктуры Украіны – па лякарнях, школах, універсітэтах», – дадаў ён.
Прэзідэнт заклікаў прафінансаваць Patriot для Украіны за кошт расейскіх актываў.
«Я сапраўды часам не разумею: паўтара мільярда каштуе адна сістэма. Калі ласка, вазьміце гэтыя грошы з расейскіх актываў. Гэта будзе каштаваць 30 мільярдаў, але гэта зможа поўнасцю, канчаткова закрыць наша неба. І ўсё», – растлумачыў Зяленскі.