Лукашэнка падпісаў праўкі ў Кодэкс аб адукацыі
8- 10.12.2024, 20:19
- 11,660
Што мяняецца для навучэнцаў, бацькоў, ВНУ і школаў.
Аляксандр Лукашэнка 10 снежня 2024 года падпісаў новы закон, які ўносіць комплексныя змены ў Кодэкс аб адукацыі, паведамляе БелТА са спасылкай на ягоную прэс-службу.
Паведамляецца, што дакумент накіраваны на павышэнне эфектыўнасці, якасці і даступнасці адукацыі, пашырэнне дзяржабароны навучэнцаў, маладых спецыялістаў, уразлівых катэгорый дзяцей і моладзі, а таксама на «ўзмацненне адказнасці суб'ектаў адукацыйных стасункаў».
Сярод навінак – пашырэнне паўнамоцтваў для ўраду і мясцовых органаў. Урад атрымае права пераразмяркоўваць маладых спецыялістаў і накіроўваць іх на працу, даваць сацыяльныя гарантыі. У сваю чаргу мясцовыя ўлады будуць адказваць за арганізацыю бясплатнай перавозкі навучэнцаў да адукацыйных, культурных і спартовых мерапрыемстваў.
Школы ў сельскай мясцовасці змогуць вучыць дзяцей на правы кіроўцаў механічных транспартных сродкаў і самаходных машынаў.
Пашыраецца пералік дзяцей, якія маюць пераважнае права пры прыёме ў санаторныя школы-інтэрнаты: цяпер яно будзе дадзенае таксама дзецям з інваліднасцю да 18 гадоў.
Замежным студэнтам будзе дадзенае права атрымаць гранты для падрыхтоўкі да паступлення ў беларускія ўстановы адукацыі.
У лік педагагічных супрацоўнікаў цяпер уключаюцца прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі ў мэтах павышэння іх статусу.
Замацоўваецца патрабаванне да школьнікаў прытрымлівацца справавога стылю ў адзенні.
«Законам прадугледжаныя таксама іншыя нормы, якія карэктуюць дзяржаўную палітыку ў сферы адукацыі з улікам тэндэнцый развіцця сучаснай адукацыйнай прасторы і практыкі выкарыстання дзейнага кодэкса», – дадалі ў прэс-службе.