Польшча зробіць больш жорсткімі патрабаванні да транзіту санкцыйных тавараў праз Беларусь і РФ
1- 10.12.2024, 18:54
- 4,692
Праект закону вынесены на абмеркаванне.
Урад Польшчы вынес на абмеркаванне праект закона, якім уводзяцца дадатковыя патрабаванні да экспарту санкцыйных тавараў праз тэрыторыю Расеі ды Беларусі.
Як піша Most, дакумент тычыцца сітуацый, калі санкцыйныя тавары ідуць праз Расею ці Беларусь у краіны, у дачыненні да якіх існуе рызыка таго, што яны дапамагаюць Расеі і Беларусі абыходзіць абмежаванні. У гэтым выпадку экспарцёр пад пагрозай крымінальнай адказнасці павінен падаць, апроч звычайнай мытнай дэкларацыі, заяву. У ёй ён павінен указаць, што транзіт праз тэрыторыю Расеі або Беларусі з'яўляецца толькі часткай агульнага маршруту перавозкі тавараў, пры гэтым пачатак і канец гэтага маршруту знаходзяцца за межамі гэтых краін.
Акрамя таго, у дакуменце неабходна ўказаць, што ў час транзіту па тэрыторыі Беларусі або Расеі тавар не будзе перапрадавацца, перапрацоўвацца, складавацца і іншае. У заяве таксама ўказваецца краіна канчатковага прызначэння (гэта павінна быць не Беларусь і не Расея) і звесткі канчатковага карыстальніка.
Цягам 45 дзён з моманту вывазу тавару за межы мытнай тэрыторыі ЕЗ экспарцёр абавязаны будзе прадставіць польскай мытні дакумент, які пацвярджае заканчэнне мытнага афармлення тавару ў краіне прызначэння. У адваротным выпадку на суб'ект можа быць накладзены штраф.
Аж да канфіскацыі
Калі пры вывазе тавару мытная служба (у Польшчы яна ўваходзіць у склад Падатковай адміністрацыі) ацэніць рызыку абыходу санкцый як высокую, яна мае права запатрабаваць дадатковы дакумент - ліст ад вытворцы тавару. Той павінен будзе пацвердзіць, што распачаў дзеянні, каб упэўніцца, што тавар не будзе выкарыстоўвацца канчатковым карыстальнікам для абыходу санкцый.
Калі мытныя органы выявяць парушэнне санкцый, яны маюць права канфіскаваць тавар.
Калі закон будзе прыняты ў існым выглядзе, Польшча заканадаўча замацуе практыку пацвярджэння, што ўжо склалася, што санкцыйны тавар не асядзе ў Расеі ці Беларусі, і нават узмоцніць жорсткасць яе.
Нагадаем, 22 сакавіка 2024 года Мінфінансаў Польшчы выдала пастанову, якая прадугледжвае дадатковыя захады кантролю экспарту санкцыйных тавараў з ЕЗ. Яна распаўсюджваецца на групы тавараў кодаў ТН ЗЭД 84, 85 і 87. У іх уваходзяць у асноўным абсталяванне і транспартныя сродкі. Калі такія тавары экспартуюцца ў краіны ЕАЭС, Таджыкістан, Узбекістан, Турцыю і ААЭ і ў супрацоўніка мытні ўзнікаюць падазрэнні, што санкцыйны груз насамрэч можа ісці ў Расею, то ён мае права запатрабаваць у перавозчыка дадатковыя дакументы. Гэта ліст вытворцы аб тым, што ён ведае, хто з'яўляецца пастаўшчыком і пакупніком яго тавару, праз якія краіны груз будзе правозіцца, і ўпэўнены, што тавар не будзе выкарыстаны для абыходу міжнародных санкцый.