27 снежня 2024, Пятніца, 2:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Узялі на вакзале»: чаму затрымалі найлепшага футбаліста Беларусі-2021 і ягоную жонку

1
«Узялі на вакзале»: чаму затрымалі найлепшага футбаліста Беларусі-2021 і ягоную жонку
АНДРЭЙ САЛАВЕЙ

Андрэя Салаўя судзілі паводле пратэстнага артыкула.

З'явілася інфармацыя аб тым, што найлепшы футбаліст Беларусі-2021, нападнік «Славіі» Андрэй Салавей і ягоная жонка Аксана пакараныя судом рэжыму Лукашэнкі Першамайскага раёна Менска паводле часткі 1-га артыкула 342 рэжымнага кодэкса, якім звычайна караюць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі. «Прысуд» быў вынесены яшчэ 19 лістапада. Пазней «Трыбуне» стала вядома, што муж з жонкай атрымалі па два гады «хатняй хіміі» – абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Журналістам удалося высветліць некаторыя дэталі гэтай гісторыі.

Салавей прапусціў большую частку чэмпіянату-2024 праз траўмы - пералом малой галёначнай косткі, атрыманы яшчэ ў міжсезонне. На полі форвард упершыню з'явіўся толькі 3 жніўня - і адразу вызначыўся дублем у матчы з «Дняпром» (2:1), прычым выйшаў толькі на астатнія 18 хвілін. Пасля гэтага футбаліст удзельнічаў у кожным туры, а з 17 жніўня ўвогуле праводзіў поўныя матчы. Тым больш незвычайная інфармацыя аб тым, што 19 лістапада над футбалістам і ягонай жонкай прайшла расправа паводле пратэстнага артыкула. Пасля гэтай даты Салавей згуляў два матчы чэмпіянату (з «Гомелем» і «Тарпеда-БелАЗ»), а непасрэдна перад ёй таксама ніякіх гульняў не прапускаў.

Паведамленні аб судзілішчы, як паведамілі крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, у «Славіі» выклікалі здзіўленне. Са слоў суразмоўцаў, ніхто з гульцоў нават не падазраваў і не здагадваўся, што яшчэ ў лістападзе над іх аднаклубнікам адбыўся «суд». У курсе сітуацыі былі толькі клубныя кіраўнікі і галоўны трэнер, і яны нікому нічога не расказвалі.

З інфармацыі «Трыбуны», сітуацыя закруцілася каля двух месяцаў таму, у пачатку кастрычніка, калі Салавей разам з жонкай вярталіся з Бярозы, радзімы футбаліста, у Менск. Збіраліся ехаць цягніком, але проста перад пасадкай на вакзале да іх падышлі носьбіты формы - пара была дастаўлена ў РАУС Лукашэнкі Бярозаўскага раёне, дзе і даведалася пра сутнасць прэтэнзій. Як высветлілася, «сілавікоў» зацікавіла нейкая фатаграфія, на якой былі захаваныя гулец і яго жонка на мірнай акцыі пратэсту ў 2020 годзе ў Менску. Сям’ю Салаўя абвінавацілі парушэнне «закону» паводле часткі 1-га артыкула 342 лукашэнкаўскага крымінальнага кодэкса – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Па гэтым артыкуле рэжым актыўна «судзіць» тых, хто выходзіў на акцыі пратэсту ў 2020 годзе.

Першая частка артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту, ці абмежаванне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, ці пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

У той жа дзень мужа і жонку адпусцілі да суда пад заклад.

Вельмі верагодна, што ўвагу Салаўі прыцягнулі пасля таго, як лукашысты затрымалі аднаго са сваякоў жонкі футбаліста за ўдзел у акцыі пратэсту і вывучылі ў тэлефоне розныя чаты і перапіскі. Са звестак выдання, здарылася гэта яшчэ ў першай палове 2024 гады.

Футбаліста і ягоную жонку «судзілі» 19 лістапада ў лукашэнкаўскім «судзе» Першамайскага раёна Менска. Са звестак праваабаронцаў, прысуд вынесла Наталля Дзядкова - дала мужу і жонцы па два гады «хатняй хіміі». Са звестак праваабаронцаў, з 2020 года ў Беларусі такім чынам незаконна пакараныя блізу тысячы чалавек. «Хатняя хімія» забараняе ўжываць спіртныя напоі, пакідаць сваё жыллё ў выходныя і святочныя дні, адсутнічаць дома з 22 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы наступнага дня. Плюс штомесяц утрымліваецца 25 адсоткаў ад заробку. Пры нейкіх парушэннях асуджанаму могуць узмацніць жорсткасць пакарання, у тым ліку і перавесці ў калонію.

Затрыманне і суд на ўдзел Салаўя ў трэніровачным працэсе і гульнях не паўплывалі. Тым больш фінішныя туры не прадугледжвалі выездаў на дзень: перадапошні «Славія» праводзіла ў суседнім Гомелі і выязджала ў дзень гульні, а закрывала чэмпіянат у сябе ў Мазыры.

У клубе ведаюць аб прысудзе футбалісту, у тым ліку аб неабходнасці ўтрымліваць чвэрць заробку. Са звестак журналістаў, форвард у «Славіі» атрымлівае максімум не для гульцоў каманды - 5250 рублёў да выліку падаткаў.

Кантракт са «Славіяй» у нападніка, якому 13 снежня споўніцца 30 гадоў, заканчваецца 31 снежня 2024 года. Крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, вельмі сумняваюцца, што ў Мазыры захочуць працягваць з гульцом дамову. Або, як мяркуюць тыя ж суразмоўцы, клубу проста не дадуць гэтага зрабіць зверху. І яшчэ пытанне, ці зможа найлепшы футбаліст Беларусі-2021 у прынцыпе працаўладкавацца ў якой-небудзь камандзе чэмпіянату краіны пасля гэтай гісторыі.

У гэтым чэмпіянаце на рахунку Салаўя 3 галы і 1 дзейсная перадача ў 15 матчах. Ну а «Славія» заняла вельмі сціплае 11-е месца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках