Расейскія вайскоўцы ўцякаюць з поўначы Сірыі
21- 10.12.2024, 15:31
- 16,754
РФ пакідае важныя базы.
Расейскія вайскоўцы пакінулі базы ў населеных пунктах Кабані і Манбідж, размешчаныя на поўначы Сірыі. Пра гэта піша газета The Washington Post (WP) са спасылкай на мясцовыя СМІ.
Паводле інфармацыі журналістаў WP, падраздзяленні Узброеных сіл РФ занялі былую базу амерыканскіх войскаў у горадзе Манбідж у 2019 годзе пасля таго, як яе пакінулі амерыканскія вайскоўцы. З матэрыялу вынікае, што расейскія вайскоўцы выкарыстоўвалі гэты аб'ект у якасці пункта пераладавання пры патруляванні мясцовасці.
База ў горадзе Кабані, у сваю чаргу, была прызначаная для маніторынгу пагаднення аб спыненні агню на мяжы Турцыі і Сірыі. Размова ідзе аб дамоўленасцях, якіх Пуцін і турэцкі лідар Раджэп Таіп Эрдаган дасягнулі ў сакавіку 2020 года.
"Расейскія войскі ўжо пакідаюць базы ў Манбіджы і Кабані, паведаміла ў панядзелак сірыйскае інфармацыйнае агенцтва North Press Agency", – гаворыцца ў публікацыі The Washington Post.