CNN: Падзенне Асада сур'ёзна ўдарыла па Расеі
- 10.12.2024, 12:38
- 3,586
Пуцін не стане важным гульцом на Блізкім Усходзе.
Для Крамля ўцёкі зрынутага дыктатара Сірыі Башара Асада ў Маскву пасля вокамгненнага краху ягонага рэжыму - гэта не толькі страта дзяржавы-кліента.
Пра гэта ў сваім матэрыяле піша старшы рэдактар CNN Натан Ходж, падкрэсліваючы, што падзенне дынастыі Асадаў стала сур'ёзным ударам па амбіцыях Пуціна стаць важным гульцом на Блізкім Усходзе. Таксама падзеі ў Сірыі "ўздымаюць пытанне наконт уразлівасці рэжыму Пуціна", піша CNN.
Ходж таксама паказвае на гістарычныя паралелі - Асад далучыўся да былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, які таксама ўцёк у Расею, а сірыйцы блукаюць па палацы Башара ў Дамаску, як калісьці ўкраінцы па рэзідэнцыі ў Межыгор'і.
"Уцёкі Асада з Сірыі сталі для ўкраінцаў не проста момантам, каб атрымаць асалоду ад сімвалічнай няўдачы Пуціна", — піша Ходж.
Рэжым Башара Асада ўпаў у той момант, калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі знаходзіўся ў Парыжы, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам і абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Існуюць асцярогі, што новая адміністрацыя ЗША можа спыніць падтрымку Кіева, аднак крах рэжыму Асада можа патэнцыйна прыслабіць пазіцыі Пуціна ў перамовах аб спыненні вайны ва Украіне, адзначае аўтар артыкула. Асабліва, калі пагрозы расейскага лідара ў апошнія тыдні ядзернай эскалацыі будуць успрынятыя як пустыя.
Таксама крах рэжыму Асада з'яўляецца цалкам рэальнай вайсковай стратай для Пуціна, бо ў Сірыі Масква трымала вайсковую марскую базу, а таксама выкарыстоўвала сваю авіябазу Хмеймім.
Аднак, падкрэслівае Натан Ходж, магчыма, яшчэ рана спісваць Пуціна з рахункаў як канкурэнта-перамоўніка і патэнцыйнага апанента, нягледзячы на адхіленне Асада.
На думку некаторых палітолагаў, параза Башара Асада можа ўзмацніць жорсткасць пазіцыі Пуціна на перамовах аб Украіне, бо гэта вайна ў нейкай ступені каштавала яму Сірыі.
Ён можа выставіць дадатковыя ўмовы, яго нежаданне ісці на кампраміс узмоцніцца.