Польскія візавыя цэнтры сталі тэлефанаваць беларусаў, якім удалося запісацца на падачу
17- 10.12.2024, 12:00
- 9,906
Не прадыктаваў код - касуюць запіс.
У TikTok сталі з'яўляцца відэа аб тым, што беларусам, якія запісаліся на падачу дакументаў у візавыя цэнтры Польшчы, тэлефануюць супрацоўнікі ВЦ. Яны цікавяцца, як чалавек злавіў "акенца". Тых, хто скарыстаўся дапамогай агенцтваў, чакаюць непрыемныя навіны. "Зеркало" даведалася, што адбываецца.
Паводле інфармацыі TikTok-акаўнта @nashivpolshe, візавыя цэнтры Польшчы “зладзілі пазапланавую праверку”. Гаворка ідзе пра ВЦ Менскай консульскай акругі.
- Яны тэлефануюць кліентам, якія запісаліся на снежань у візавыя цэнтры Менска, Магілёва і Гомеля, і просяць пацвердзіць рэгістрацыю. Для гэтага пытаюцца, ці самастойна запісваўся чалавек ці праз агенцтва. Калі праз агенцтва, гэты запіс могуць ануляваць, - распавядаецца ў сацсетцы. - Калі чалавек кажа, што запісваўся сам, падчас званка яму на пошту высылаюць код пацвярджэння, які трэба ім агучыць. Адпаведна, калі ў вас няма доступу да пошты, з якой вы рэгістраваліся ці вас рэгістравалі, то ваш запіс таксама могуць ануляваць.
Пра падобную сітуацыю распавядае і TikTok-акаўнт @kat_visa.
- Візавы цэнтр польскі стаў нечакана абтэлефаноўваць людзей з пытаннем аб тым, якім чынам вы запісаліся [на падачу] і з якой пошты рэгістраваліся. Вельмі многія, зразумела, разгубіліся. Хто сказаў, што рэгістраваўся з чыёйсьці дапамогай, адразу атрымалі ануляванне запісу, - апісвае сітуацыю вядоўца TikTok-старонкі. - Вельмі сумная гісторыя. Вельмі крыўдна за людзей, якія доўга чакалі. Цяпер ім давядзецца запісвацца зноў. Але самае крыўднае, што людзі, якія маглі рэгістравацца самастойна, робячы проста шмат поштовых адрэс і не памятаючы, з якой менавіта яны зарэгістраваліся, гэтак жа маглі атрымаць ануляванне запісу <…>.
«Паскандаліўшы, падаваўся»
Візавая экспэртка Настасся Лысакоўская кажа, што, наколькі ёй вядома, практыку з праверачнымі званкамі выкарыстоўваюць упершыню.
- Званкі назіраем з 29 лістапада. Мне пакуль паведамлялі аб тым, што тэлефануюць з візавых цэнтраў Менскай акругі. Інфармацыі з іншых акруг пакуль не паступала, - распавядае суразмоўніца. - Усе праверкі, пра якія мне вядомыя, адбываюцца са снежаньскімі запісамі, у асноўным набіраюць за пару дзён да падачы. Сутнасць - удакладніць, як чалавек запісаўся. Калі з чыёйсьці дапамогай, пытаюцца, ці было гэта праз агенцтва. Калі заяўнік адказвае станоўча, рэгістрацыю анулююць. Здаралася, людзі адказвалі, што ім дапамагалі сваякі. Хутка даведацца ў іх высланы на пошту код не атрымлівалася. Запіс у гэтых выпадках анулявалі не заўсёды.
Са слоў Насты, бывала, чалавек не заўважыў званок і не падняў слухаўку. Затым ён прыязджаў у ВЦ у патрэбную яму дату і, "паскандаліўшы", падаваўся.
- Усё гэта рандомна, кагосьці, хто не адказаў, вярталі. Але пакуль у большасці выпадкаў, пра якія я чула, калі не дазвоньваюцца, прапускаюць, - кажа яна. - Ёсць сітуацыі, калі чалавеку, які не падняў слухаўку, на пошту дасылалі код. Мая парада: перад паходам на падачу праверце мэйл і ідзіце да іх з кодам.
Адна з магчымых прычын з'яўлення званкоў – барацьба з "памочнікамі". Нягледзячы на гэта, кажа Настасся, людзі ўсё адно не перастануць звяртацца ў агенцтвы, бо “запісацца на падачу самому складана”.
- Мая рэкамендацыя, але не інструкцыя: калі вам тэлефануюць і прадстаўляюцца, што гэта супрацоўнікі ВЦ, удакладніце, з кім вы размаўляеце, і з асаблівай асцярожнасцю раскрывайце персанальныя звесткі, - рэзюмуе суразмоўніца.