Прызначаны новы рэктар ЕГУ
1- 10.12.2024, 10:16
- 3,206
Ім стаў літовец.
Каардынацыйная рада і Усеагульны збор сузаснавальнікаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта паведамілі аб прызначэнні доктара Вілюса Шадаўскаса рэктарам ЕГУ на тэрмін пяць гадоў.
Ён атрымаў ступень доктара адукацыі ва Універсітэце Вітаўтаса Вялікага і ступень бакалаўра і магістра гісторыі ў Літоўскім універсітэце педагагічных навук. Абраны ў працэсе конкурснага адбору сярод трынаццаці кандыдатаў з пяці краін, спадар Вілюс афіцыйна пачне выкананне абавязкаў рэктара 6 студзеня 2025 года.
Вілюс далучыўся да ЕГУ ў 2018 годзе і хутка дасягнуў найвышэйшых кіраўнічых пазіцый: перш чым стаць выканаўцам абавязкаў рэктара ў сакавіку 2024 года, ён працаваў кіраўніком аддзела стратэгічнага планавання і канцлерам.
Кіраўнічыя органы ЕГУ абралі спадара Вілюса, базуючыся на яго адпаведнасці патрабаванням да пасады рэктара, яго добрай працы ў якасці выканаўцы абавязкаў рэктара, яго перспектыўным бачанні будучыні ЕГУ і доўгай адданасці ўстанове, гаворыцца ў паведамленні ўніверсітэта.
Адзначаецца, што спадар Вілюс заступае на пасаду рэктара ва ўмовах надзвычайных выклікаў і імклівых змен ва ўніверсітэце і ў рэгіёне. Атрымаўшы акрэдытацыю на сем гадоў, вышэйшае кіраўніцтва ўстановы засяродзіць увагу на павелічэнні набору, падвышэнні навукова-даследчага патэнцыялу, пашырэнні спектра праграм і ўмацаванні фінансаў універсітэта.