Жаўнеры з КНДР засвяціліся ў яшчэ адной вобласці Расеі
2- 9.11.2024, 19:48
- 9,216
Не толькі на Куршчыне.
Вайскоўцы з Паўночнай Карэі прысутнічаюць не толькі ў Курскай вобласці, як паведамлялася раней, але і ў суседняй Белгарадскай вобласці. Відавочна, Расея плануе трымаць паўночнакарэйскія падраздзяленні на другой лініі абароны ў гэтых рэгіёнах, каб вызваліць уласныя сілы для баёў на Данбасе.
Пра гэта распавёў камандзір украінскага батальёна "Ахілес" 92-й асобнай штурмавой брыгады Юрый Федарэнка ў інтэрв'ю The Washington Post. Ён адзначыў, што звесткі разведкі ўказваюць на прысутнасць паўночнакарэйскіх вайскоўцаў не толькі ў Курскай, але і ў Белгарадскай вобласці.
З ягоных слоў, гэтыя войскі могуць быць прыцягнуты для ўмацавання другой лініі абароны паблізу Белгарада, што дасць магчымасць перакуліць расейскія падраздзяленні на Данбас.
Журналісты The Washington Post пагутарылі з больш чым дзясяткам украінскіх вайскоўцаў, якія ваююць на Куршчыне і Харкаўшчыне, і яны выказалі занепакоенасць з нагоды магчымага ўдзелу войскаў КНДР у вайне.
36-гадовы Валянцін Левада, баец падраздзялення беспілотных сістэм 82-й брыгады, мяркуе, што ў найбліжэйшы час украінскія жаўнеры могуць сутыкнуцца з карэйскімі вайскоўцамі ў прамым баі. Ён таксама зазначыў, што ўзяць паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у палон, магчыма, будзе няпроста.
«Мы можам сутыкнуцца з (войскамі КНДР – Рэд.) непасрэдна, калі адбудзецца хуткі прарыў. Я мяркую, што ўзяць іх у палон будзе цяжка», - сказаў ён.
Паводле звестак амерыканскай разведкі, у Курскай вобласці знаходзіцца амаль 10 тысяч вайскоўцаў войска КНДР. Мяркуецца, што Крэмль плануе прыцягнуць іх для ўзмацнення расейскіх сіл, якія спрабуюць выбіць УСУ з раёна вакол Суджы.