Вяршыня Фудзі пакрылася снегам на месяц пазней за чаканае
2- 7.11.2024, 16:38
- 1,048
Снегапад стаў самым познім за апошнія 130 гадоў назіранняў.
У чацвер вяршыня японскай гары Фудзі ўпершыню сёлета пакрылася снежнай шапкай - на месяц пазней звычайнага. Пра гэта паведамляе Reuters. Снегапад стаў самым познім за апошнія 130 гадоў назіранняў.
Снежная шапка на Фудзі звычайна фармуецца ў пачатку кастрычніка, але сёлета першы снег на вяршыні быў зафіксаваны толькі 7 лістапада. Затрымка, імаверна, звязаная з анамальна цёплым летам: лета 2024 стала самым гарачым у Японіі за 125 гадоў назіранняў. Сярэдняя тэмпература па краіне з чэрвеня да жніўня перавысіла норму на 1,76°C.
Назіранні за снежным покрывам Фудзі вядзе японская абсерваторыя Кофу. Супрацоўнік абсерваторыі Мамору Мацумота прызнаўся Reuters, што адчуў палёгку, «нарэшце ўбачыўшы снег».
У чацвер Еўрапейскае кліматычнае агенцтва Copernicus заявіла, што 2024 год, магчыма, стане самым гарачым за ўсю гісторыю назіранняў - другі год запар. Сярэдняя тэмпература на планеце сёлета павысілася на 1,5°C у параўнанні з даіндустрыяльным узроўнем. Даследнікі звязваюць гэта са сталым ростам канцэнтрацыі парніковых газаў у атмасферы. Заява была апублікаваная за некалькі дзён да пачатку COP29 - кліматычнага саміту ААН, які пройдзе ў Азербайджане.
У 2015 годзе на кліматычным саміце ААН COP21 было прынята Парыжскае пагадненне, у рамках якога краіны абавязаліся "прыкласці намаганні" для абмежавання росту глабальнай тэмпературы на ўзроўні не больш за 1,5 °C.