Нямеччыну чакаюць датэрміновыя выбары ў парламент
12- 7.11.2024, 11:47
- 5,278
Кіроўная кааліцыя распалася.
Канцлер (кіраўнік урада) Нямеччыны Олаф Шольц звольніў міністра фінансаў Крысціяна Лінднэра - такім чынам кіроўная кааліцыя ўрада раскідалася. Відавочна, неўзабаве краіну будуць чакаць датэрміновыя выбары, паведамляе Euronews.
Шольц прадстаўляе Сацыял-дэмакратычную працоўную партыю (СДП), а Лінднэр – сябра Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП). Абедзве партыі ўдзельнічаюць у кааліцыі з трох, якія фармуюць кіроўную "кааліцыю святлафора". Апроч пералічаных, туды ўваходзіць таксама партыя Зялёных. Іх сябры збіраліся ўвечары 6 лістапада ў Бэрліне.
Каментуючы прычыны звальнення Лінднэра, Шольц адзначыў, што той "занадта шмат разоў падрываў давер" і таму "больш няма падстаў для далейшага супрацоўніцтва". Таксама канцлер мяркуе, што міністр фінансаў быў "больш заклапочаны выжываннем уласнай партыі".
У адказ на звальненне Лінднэра "свабодныя дэмакраты" адклікалі з урада ўсіх сваіх міністраў. Так усяго за вечар перад Нямеччынай паўстаў далягляд датэрміновых выбараў.
Лінднэр, у сваю чаргу, абвінаваціў Шольца ў "наўмысным распадзе кааліцыі", а яго партнёраў з кааліцыі - у тым, што яны "нават не прынялі" прапановы свабодных дэмакратаў у аднаўленні эканомікі "ў якасці асновы для абмеркавання".
Адзначаецца, што такога зыходу сустрэчы можна было чакаць. Апошнім часам у кааліцыі было нямала супярэчнасцяў. Урад сутыкнуўся з сур'ёзнымі цяжкасцямі пры фармаванні бюджэту на 2025 год, а таксама не быў задаволены паказчыкамі нямецкай эканомікі.
Парламенцкія выбары могуць адбыцца ў наступным годзе, не пазней за канец сакавіка.