У Менску адкрылі вялікі басейн, пабудаваны кітайцамі
22- 6.11.2024, 19:05
- 15,578
Будынак выкананы ў бел-чырвона-белых колерах.
У Менску адкрылі вялікі басейн, збудаваны кітайцамі. Галоўная чара басейна мае даўжыню 50 метраў, але пры неабходнасці ён можа трансфармавацца ў два 25-метровых. Паведамляецца, што аб'ект быў пабудаваны "ў рамках гуманітарнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая".
Сам комплекс падзелены на дзве часткі: для спаборніцтваў і грамадскую. У першай частцы два басейны па 50 метраў: плавальны і для скачкоў. Трыбуны змогуць змясціць больш за 6 тысяч гледачоў. У басейне будуць трэніравацца нацыянальныя каманды краіны ў водных тыпах спорту: плаванні, водным пола, сінхронным плаванні, а таксама па скачках у ваду.
Чары басейнаў абсталяваныя падводнымі камерамі на дне, каб трэнеры маглі сачыць за тэхнікай спартоўцаў.
Акрамя таго, тут ёсць камфортныя залы для сухой падрыхтоўкі, аднаўленчы цэнтр, гідракабінет для аднаўлення, пункт грамадскага харчавання, пакоі адпачынку.
У спартовым комплексе ўсё аўтаматызаванае.
Паведамляецца, што гэта першы ў Беларусі басейн, які цалкам адпавядае міжнародным стандартам.
Размяшчаецца басейн на вуліцы Кальварыйскай, а будаваць яго пачалі ў красавіку 2020 года на месцы знесеных двухпавярховых дамоў і друкарні "Чырвоная зорка". Сродкі з дзяржбюджэту выдзяляліся толькі на падрыхтоўку пляцоўкі для будаўніцтва. Кітайскі бок узяў на сябе абавязацельствы не толькі па будаўніцтве басейна, але і па абслугоўванні аб'екта на працягу двух гадоў пасля ўводу ў эксплуатацыю.