У Менску заўважылі рэдкую для Беларусі птушку
- 5.11.2024, 21:54
- 6,120
Фотафакт.
Рэдкую для Беларусі птушку – аляпку – заўважылі на беразе ракі Свіслач у Менску 4 лістапада бердвочары Святлана Слуцкая і Павел Пастар, паведамляе тэлеграм-канал Wildlifebelarus.
Пасля гэтага на птушыную прыгажуню пачалі «паляваць» дзясяткі мясцовых назіральнікаў за птушкамі.
Адзначаецца, што аляпкі прылятаюць у Беларусь з поўначы на зімоўку. У нас яны шукаюць падабенства да горных рэк: хуткіх, неглыбокіх з камяністым дном.
Гэты від – адзіны з атрада вераб'інападобных, які ўмее ныраць, плаваць і нават бегаць па дне на плыткаводдзі.
«Прыпадняўшы крылы, птушка бегае па дне, збірае інсектаў і рачкоў. Пад вадой аляпка можа заставацца да 50 секундаў, прабягаючы за гэты час да 20 метраў», – адзначылі эксперты.
Гэтыя птушкі могуць зімаваць на розных ручаях і рэках у Беларусі. Напрыклад, у 2021-м годзе яе бачылі на Аўгустоўскім канале пад Гародняй, але потым яна знікла.
У арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» тады расказвалі, што ў нашы краі аляпкі прылятаюць зімаваць са Скандынавіі і краінаў Балтыі, калі там наступаюць доўгія маразы. У месцах гнездавання гэтыя птушкі трымаюцца чыстых горных рэчак.
У Беларусі аляпка – рэдкая госця, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе. З моманту апошняй рэгістрацыі гэтай птушкі ў нашай краіне да 2021-га, калі зноў заўважылі тут аляпку, прайшло 8 гадоў. Эксперты тады выказалі здагадку, што, магчыма, гэта звязана з цёплымі зімамі, таму птушкі зімавалі бліжэй да месцаў гнездавання і не даляталі да Беларусі.