Foreign Affairs: Украінская зброя можа «дастаць» блізу трэці ядзернага арсеналу Расеі
- 5.11.2024, 20:38
- 4,364
Асабліва ўразлівыя ядзерныя ракеты РФ.
Дальнабойныя дроны і ракеты, якія ёсць ва Украіны, могуць атакаваць вялікую колькасць ядзерных складоў Расеі. У «ненадзейным становішчы» блізу траціны ядзернага арсеналу краіны-агрэсаркі.
Пра гэта паведамляе Foreign Affairs.
Паводле звестак выдання, блізу 30 адсоткаў з прыкладна 5580 расейскіх ядзерных боегаловак захоўваюцца ў тых месцах, да якіх дастае ўкраінская дальнабойная зброя.
Журналісты звярнулі ўвагу, што, паколькі ўкраінскія дроны ўжо дастаюць да Масквы, то ў радыусе іх дзеяння таксама знаходзіцца сама меней 14 расейскіх ядзерных сховішчаў. Сярод іх:
прынамсі два знаходзяцца на адлегласці меншай за 160 кіламетраў ад мяжы з Украінай;
яшчэ пяць знаходзяцца на адлегласці меншай за 320 кіламетраў ад мяжы з Украінай.
Foreign Affairs адзначае, што нежаданне Расеі належным чынам засцерагчы свае ядзерныя арсеналы ў заходняй частцы краіны «ўяўляе з сябе страшную небяспеку».
Як мяркуюць журналісты, Расея можа адмаўляцца ад перамяшчэння свайго ядзернага арсеналу далей ад мяжы з некалькіх прычынаў. Адна з іх – нежаданне расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна паказваць слабасць, а другая – неўсведамленне расейскім кіраўніцтвам ўсёй небяспекі такога захоўвання боегаловак.
Асабліва ўразлівыя ядзерныя ракеты, калі іх перавозяць для абслугоўвання. Іх накіроўваюць на чыгуначныя пункты.