Нафтагазавыя прыбыткі расейскага бюджэту пачалі падаць
2- 5.11.2024, 20:14
- 4,592
Упершыню ў 2024 годзе.
Нафтагазавыя прыбыткі федэральнага бюджэту ў кастрычніку ўпершыню сёлета аказаліся меншыя, чым былі год таму. Яны склалі 1,212 трлн руб., супраць 1,635 трлн руб. у кастрычніку 2023 г.
Галоўная прычына – падзенне коштаў нафты. У кастрычніку падаткі плаціліся, зыходзячы з кошту бараля Urals $63,57, а год таму было на 30% больш – $83,18. У выніку паступлення падатку на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ) сталі на 200 млрд руб., а на дадатковы прыбытак (ПДР) – на 100 млрд руб. меншыя, чым год таму. Згуляла ролю і тое, што стаўкі абодвух падаткаў прывязаныя да курсу даляра, які тады быў вышэйшы (да сярэдзіны кастрычніка даляр быў даражэйшы за 100 рублёў, а да канца месяца апусціўся да 93 руб.).
Акрамя таго, на кастрычнік 2023 г. прыпаў пік паліўнага крызісу. Біржавыя кошты тады падскочылі больш, чым на 20%, чаму нафтавікі страцілі выплаты ў так званым дэмпферы (бюджэт кампенсуе ім частку розніцы з экспартным коштам, каб стымуляваць пастаўкі паліва на ўнутраны рынак). Тады гэта была сур'ёзная эканомія: у верасні 2023 г. выплаты ў дэмпферы склалі 299 млрд руб. У гэтым кастрычніку яны склалі 107 млрд руб. (у верасні было 146 мільярдаў).
За кошт гэтага кастрычнік 2023 г. стаў адным з найлепшых у гісторыі ў паступленні нафтагазавых прыбыткаў (у красавіку 2022 г. было 1,8 трыльёна). У астатнія месяцы зборы перавышалі леташнія, хоць у верасні разрыў быў невялікі – 772 і 740 млрд руб. адпаведна. За 10 месяцаў бюджэт атрымаў больш за 9,5 трлн нафтагазавых прыбыткаў, а за ўвесь мінулы год – 8,8 трыльёна, паведамляе TThe Moscow Times.
Дзель нафтагазавых прыбыткаў федэральнага бюджэту скарачаецца ўжо 10 гадоў за выключэннем анамальных 2020 і 2022 гг. У 2020 г. яна абрынулася разам з коштамі нафты (да 28,6%), а ў 2022 г., наадварот, узляцела (41,6%). Агулам за 10 гадоў яна скарацілася з прыкладна паловы ў 2013–2014 гг. да крыху больш як трэці летась (34,2%). Паводле вынікаў дзевяці месяцаў дзель нафтагазавых прыбыткаў была прыкладна 32%, і чакаецца яе далейшае скарачэнне: налета – да 27%. З 2025 г. «Газпрам», які ўлез у страты, перастане плаціць дадатковы ПЗКВ на газ (50 млрд руб. на месяц), затое павышэнне падаткаў, не звязаных з нафтай і газам, – перш за ўсё, на прыбыткі фізічных асобаў і прыбытак кампаній – павінна прынесці бюджэту 2,6 трлн руб. Дадатковыя паступленні ад гэтых падаткаў пойдуць у федэральны бюджэт.