Хэйлі падтрымала Трампа
26- 5.11.2024, 19:15
- 14,410
Яна назвала яго «найлепшым выбарам», няхай яго і «ненавідзяць мільёны».
Погляды кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа неадназначныя, і ёсць мільёны амерыканцаў, якія «ненавідзяць» яго, аднак выбар сёння стаіць паміж палітыкай Трампа і Камалы Гарыс, і падыход апошняй прывёў ЗША да значнага росту інфляцыі і дзяржаўнай пазыкі. Пра гэта ў артыкуле для The The Wall Street Journal напісала экс-сталая прадстаўніца ЗША пры ААН, былая губернатарка Паўднёвай Караліны і экс-удзельніца перадвыбарнай гонкі рэспубліканка Нікі Хэйлі.
«Я не заўсёды згодная са спадаром Трампам на 100%, але я згодная з ім большую частку часу. Пры гэтым са спадарыняй Гарыс я не згодная амаль заўсёды. Гэта робіць мой выбар лёгкім», - напісала Хэйлі.
Яна падкрэсліла, што палітыка дзейнага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і яго віцэ-прэзідэнткі Гарыс прывяла да сярэдняга росту выдаткаў на аднаго амерыканца прыкладна на $13 тысяч за год у параўнанні з чатырма гадамі раней. Акрамя гэтага, выраслі кошты практычна ўсяго - прадуктаў харчавання, бензіну, рахункаў за камунальныя паслугі, страхоўкі і інш. «Гэта наўпроставы вынік праграмы Байдэна-Гарыс, якая паўплывала на інфляцыю», — піша былая сталая прадстаўніца ЗША пры ААН.
Акрамя гэтага, Хэйлі нагадала, што дзярпазыка ЗША за апошнія гады вырасла да рэкордных $36 трлн. Яна звязала гэта з палітыкай дэмакратаў і названаму «Амерыканскаму плану выратавання» і «Закону аб зніжэнні інфляцыі».
Таксама Хэйлі абвінаваціла тандэм Байдэна-Гарыс у правале палітыкі ў сферы нацбяспекі і заявіла, што свет быў больш бяспечным за кіраваннем Трампа. «Наша паўднёвая мяжа сёння - самая вострая пагроза нашай бяспецы; спадар Байдэн і спадарыня Гарыс зрабілі яе значна горшай. Іх фіяска ў Афганістане не толькі стварыла новую тэрарыстычную дзяржаву; яно таксама стала сігналам слабасці, якая справакавала вайну Расеі супраць Украіны. Іх залагоджванне Ірана ўзбагаціла гэты дэспатычны рэжым і надало яму смеласці весці вайну з Ізраілем праз сваіх тэрарыстычных давераных асоб. А слабасць адміністрацыі ў сталенні да Кітая не зрабіла нічога, каб перашкодзіць пашырэнню камуністычнай дзяржавы за наш кошт», - піша ў сваім артыкуле экс-дыпламатка.