Праз Лукашэнку над беларусамі навісла яшчэ адна небяспека
3- 5.11.2024, 18:19
- 15,410
На гэты раз - эпідэмічная.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу пачаўся ў 2021 годзе і прадаўжаецца дагэтуль. Сёння мы хочам звярнуць увагу на адзін з важных аспектаў прысутнасці нелегальных мігрантаў у нашай краіне, які можа ўяўляць сур'ёзную пагрозу здароўю беларусаў - эпідэмічную, піша Telegram-канал «Белыя халаты».
Так «незразумелым» чынам у Беларусь штомесяц прыбываюць тысячы людзей, якія сцягваюцца да дзяржаўнай мяжы на захадзе краіны ў якасці нелегальных мігрантаў. Пры гэтым яны некаторы час знаходзяцца ў розных населеных пунктах, уключаючы сталіцу, перамяшчаюцца на грамадскім транспарце, наведваюць гандлёвыя цэнтры, крамы, часам іх заўважаюць у лякарнях і г.д.
Хто гэтыя людзі? Паводле інфармацыі DW, большасць нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць праз Беларусь патрапіць у Еўразвяз, — грамадзяне Ірака. Таксама паведамлялася, што сярод іх шмат бежанцаў з Сірыі, Лібіі, Афганістана. На нашы звесткі, атрыманыя з медыцынскіх устаноў, многія з гэтых людзей даўно не атрымлівалі кваліфікаванай медыцынскай дапамогі і могуць быць крыніцамі небяспечных інфекцый і вірусаў.
У Іраку са студзеня да жніўня 2024 года было зарэгістравана 30 889 выпадкаў адру. А ў Афганістане – 7 023 выпадкі.
«Відавочна, што сярод людзей, якія ідуць «беларускім маршрутам» нелегальнай міграцыі, могуць быць і хворыя на адзёр. Гэта ўскосна пацвярджаюць звесткі, агучаныя нядаўна на канферэнцыі ў Гомелі, дзе адна з дакладчыц, прадстаўляючы вынікі генатыпавання вірусаў адру ў 2024 годзе, адзначыла, што з шасці ізалятаў вірусаў адру (з 6 траўня да 7 ліпеня) у трох выпадках быў вызначаны генатып B3 генетычнай лініі MVs/Quetta.PAK/44.20. Гэтая лінія шырока распаўсюджаная ў Паўднёва-Заходняй Азіі, у тым ліку і ў Іраку», - паведамляюць «Белыя халаты».
Паводле інфармацыі, распаўсюджанай прадстаўнікамі Міністэрства аховы здароўя Ірака, уздым захворвання на адзёр у краіне пачаўся ў пачатку 2023 года, а другі, больш высокі, уздым - з пачатку 2024 года. Калі параўнаць са звесткамі, агучанымі на канферэнцыі ў Гомелі, можна ўбачыць, што яны супадаюць з першым выяўленнем генатыпу B3 генетычнай лініі MVs/Quetta.PAK/44.20 у Беларусі.
«Мы можам таксама выказаць здагадку, што Міністэрства аховы здароўя занепакоенае сітуацыяй, хоць і не дае інфармацыю агалосцы, на падставе іншай ускоснай прыкметы. На загад міністэрства, з 8 да 17 кастрычніка пры падтрымцы прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі ў міграцыі быў праведзены цыкл рэгіянальных семінараў-трэнінгаў на тэму «Сучасныя аспекты імунапрафілактыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Тактыка вакцынацыі мігрантаў і асобных катэгорый насельніцтва». Як бачым, пытанне ўзаемадзеяння з мігрантамі ўжо выдзяляецца ў асобную тэму», - піша Telegram-канал.