Краіны G7 і ЕЗ рыхтуюць адказ на ўдзел войск КНДР у вайне
24- 5.11.2024, 17:07
- 14,744
І выступілі са зваротам.
Міністры замежных спраў Аўстраліі, Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Новай Зеландыі, Вялікай Брытаніі, ЗША і высокі прадстаўнік Еўрапейскага Звязу Жазэп Барэль рыхтуюць адказ на ўвод войск КНДР на тэрыторыю Расеі.
«Мы пацвярджаем нашу непахісную прыхільнасць да падтрымкі Украіны, якая абараняе сваю свабоду, суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць. Мы працуем з нашымі міжнароднымі партнёрамі над скаардынаваным адказам на гэтае новае развіццё падзей», — гаворыцца ў супольнай заяве, апублікаванай New Voice.
Міністры таксама выказалі «сур'ёзную занепакоенасць» у сувязі з размяшчэннем войск КНДР у Курскай вобласці Расеі.
У заяве гаворыцца, што наўпроставая падтрымка КНДР вайны Расеі супраць Украіны азначае адчайныя спробы краіны-агрэсаркі кампенсаваць свае страты, а таксама небяспечнае пашырэнне канфлікту, што будзе мець сур'ёзныя наступствы для свету і бяспекі ў Еўропе і Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.
Краіны самым рашучым чынам асудзілі ўзмацненне вайсковага супрацоўніцтва паміж КНДР і Расеяй.
Там нагадалі, што атрыманне ці наданне салдатамі КНДР усякай падрыхтоўкі ці іншай дапамогі, звязанай з выкарыстаннем балістычных ракет ці зброі, з'яўляецца наўпроставым парушэннем рэзалюцый Рады Бяспекі ААН 1718, 1874 і 2270.
«Мы таксама глыбока занепакоеныя патэнцыйнай магчымасцю ўсякай перадачы ядзерных тэхналогій ці тэхналогій, звязаных з балістычнымі ракетамі, з Расеі ў КНДР у парушэнне адпаведных рэзалюцый РБ ААН. Мы заклікаем КНДР спыніць наданне дапамогі Расеі ў яе агрэсіўнай вайне», - гаворыцца ў заяве.